2014-12-03 12:50:23

Пантыфік прыме дэлегацыю нямецкіх лютэранаў


RealAudioMP3 500 гадоў пасля візіту свайго “заснавальніка” у Вечны горад, 14-18 снежня 2014 г. у Рым прыбудзе дэлегацыя Аб’яднанай Лютэранскай Царквы Германіі. У праграме – прыватная аўдыенцыя з папам Францішкам, сустрэча са старшынёй Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, кардыналам Куртам Кохам, і прэфектам Кангрэгацыі Веравучэння, кардыналам Герхардам Людвігам Мюлерам, паведамілі нямецкія лютэране 2 снежня ў Гановеры.

Нагодай для візіту, у адпаведнасці з інфармацыяй, стане падвядзенне вынікаў завершанага некалькі дзён таму экуменічнага праекту “2017 – разам на шляху”. Праект накіраваны на азнаямленне грамадскасці з сумесным дакументам Сусветнай лютэранскай федэрацыі і Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству з 2013 г., азагалоўленым: “Ад канфлікту да супольнасці”.

У дыскусіі, якая пройдзе 18 снежня 2014 г. у Рыме, на тэму: “Як мы можам разам адзначыць 2017 год як свята Хрыста?”, прымуць удзел лютэранскія і каталіцкія іерархі.

Аб’яднананая Лютэранская Царква Германіі налічвае 9,5 мільёнаў вернікаў. Яе ўзначальвае епіскап Шверыну Герхард Ульрых.

Стваральнік Рэфармацыі Марцін Лютэр прыйшоў у Вечны горад, верагодна, у 1511 г., калі быў яшчэ каталіцкім законнікам. Пра яго знаходжанне не захавалася ніякай інфармацыі. Таксама нявызначанай застаецца дата яго падарожжа. Да гэтага часу лічылася, што гэта былі чатыры тыдні ў канцы снежня 1510 г. і пачатку студзеня 1511 г. Аднак, нядаўнія даследаванні паказалі, што Лютэр быў у Рыме на год пазней.







All the contents on this site are copyrighted ©.