Маскоўскі Патрыярхат назваў перашкоду для сустрэчы Папы і Патрыярха
Патрыярх Маскоўскі
і ўсяе Русі Кірыл шануе пазіцыю папы Францішка па многіх праблемах, але для іх сустрэчы
існуе перашкода, паведаміў 2 снежня 2014 г. прэс-сакратар кіраўніка Рускай Праваслаўнай
Царквы дыякан Аляксандр Волкаў. Ёй, на думку прадстаяцеля, з’яўляюцца дзеянні Украінскай
Грэка-каталіцкай Царквы, хоць, як адзначыў прэс-сакратар, погляд Пантыфіка на сітуацыю
ў сучаснай Украіне шмат у чым супадае з пазіцыяй Рускай Праваслаўнай Царквы. “Сама
па сабе тэма сустрэчы стаіць на парадку дня адносін дзвюх Цэркваў. Свяцейшы Патрыярх
Кірыл высока шануе ўзважаную і сапраўды хрысціянскую пазіцыю папы Францішка па розных
праблемах сучаснага грамадства. І ў гэтым сэнсе нашы Царквы з’яўляюцца стратэгічнымі
партнёрамі ў справе сведчання свету пра хрысціянскія каштоўнасці”, - пракаментаваў
дыякан, якога цытуе “РИА-новости”, словы Пантыфіка.
Трэба нагадаць, што Францішак
некалькі дзён таму, падчас вяртання з Турцыі, заявіў аб жаданні сустрэцца з патрыярхам
Кірылам.
Па словах дыякана, ствараць спрыяльныя ўмовы для падтрымання паўнавартаснага
дыялогу паміж Рускай Праваслаўнай Царквой і Каталіцкім Касцёлам, у тым ліку і ў кантэксце
сустрэчы Папы і Патрыярха, будзе зніжэнне ўцягнутасці Украінскай Грэка-каталіцкай
Царквы ў палітычны канфлікт ва Украіне.
У сваю чаргу, кіраўнік Украінскай Грэка-каталіцкай
Царквы, архіепіскап Святаслаў Шаўчук, неаднаразова заяўляў, што грэка-католікі не
дазволяць уцягнуць сябе ў палітычную барацьбу ва Украіне, але будуць падтрымліваць
свой народ у яго справядлівых памкненнях.