2014-12-03 13:56:51

100-годдзе дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і Вялікабрытаніяй


RealAudioMP3 Джойс Энелэй, Баранэса Сэнт-Джонс, дзяржаўны міністр у Міністэрстве замежных спраў і спраў Садружнасці Вялікабрытаніі, 3 снежня 2014 г. знаходзіцца з візітам у Апостальскай Сталіцы. Ён прымеркаваны да 100-годдзя аднаўлення дыпламатычных адносін паміж Злучаным Каралеўствам і Святым Пасадам. Баранэса Энелэй будзе прысутнічаць на святочнай св. Імшы ў папскай базіліцы св. Паўла за Мурамі, якую ўзначаліць кардынал Пьетра Паралін, Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы.

Падчас свайго візіту баранэса Энелэй правядзе перамовы з высокапастаўленымі ватыканскімі іерархамі, падчас якіх будзе абмеркавана сітуацыя ў свеце вакол свабоды рэлігіі, пераследу хрысціянскіх меншасцяў на Блізкім Усходзе, сучаснага рабства, пытанняў правоў чалавека і міжнароднага развіцця, гаворыцца ў спецыяльнай заяве Міністэрства замежных спраў Вялікабрытаніі.

Сама палітык лічыць, што яе візіт “з’яўляецца важнай падзеяй для далейшага ўмацавання ўзаемадзеяння Вялікабрытаніі і Святога Пасаду па цэлым шэрагу пытанняў, якія ўяўляюць узаемную цікавасць”. Баранэса з’яўляецца старшынёй міжпартыйнай парламенцкай групы па пытаннях свабоды рэлігіі і перакананняў.

Кардынал Пьетра Паралін у размове з Ватыканскім радыё адзначыў, што ватыканска-брытанскія адносіны “асабліва важныя сёння, у свеце, які стаў значна больш складаным і значна больш канфрантацыйным, чым былі чаканні пасля падзення Берлінскай сцяны і зменаў у міжнароднай сітуацыі”. Зараз “трэба быць у стане размаўляць, умець весці дыялог, быць у стане весці перамовы і спраўляцца з праблемамі свету”, лічыць кардынал Дзяржсакратар. На яго думку, менавіта дыпламатычныя адносіны з’яўляюцца інструментам, які мае ў сабе вялікі патэнцыял “для дыялогу, кантакту і супрацоўніцтва ў вырашэнні бягучых праблем”.







All the contents on this site are copyrighted ©.