2014-12-02 10:34:01

Беларусь: “Школа веры” для неафітаў


RealAudioMP3 Вера – дар Божы і таямніца, яна мае шмат вымярэнняў. Глыбіня яе ва многім залежыць ад нас, ад таго, наколькі мы гатовыя сёння прыняць ад Бога яго дар. “Памнож у нас веру!”, - прасілі ў Хрыста апосталы. У гомельскай парафіі Нараджэння Божай Маці традыцыйна ў кастрычніку-снежні “вучацца” веры – больш за 20 год у касцёле па панядзелках праходзяць сустрэчы “Школы веры” для дарослых і моладзі. Як тлумачыць пробашч кс. Славамір Ласкоўскі, сустрэчы ладзяцца па той прычыне, што большасць парафіян – або так званыя неакатолікі або тыя, хто быў ахрышчаны ў дзяцінстве, але ніколі не меў зносін з Касцёлам, бо тут яго не было доўгія гады.

“Школа веры” – для таго, каб закласці першыя фундаменты, каб чалавек, які прыходзіць у касцёл, атрымаў азбуку хрысціянскага жыцця. Гэта азбука – не толькі багаслоўскія нюансы, не толькі біблійная гісторыя, мараль, літургія. Перш за ўсё, задума “Школы веры” у тым, каб чалавек мог адкрыць сэрца для Бога і зразумець, якая Божая задума ў дачыненні да яго жыцця: навошта яму быць вернікам, навошта хадзіць у касцёл. Вера - гэта насамрэч дар, бо многія, хто прыходзіць да мяне, робяць гэта ўпершыню, я з імі ніколі не сустракаўся раней, я нават іх не запрашаў на “Школу веры”. Значыць, іх запрасіў сам Бог праз іншых вернікаў, свецкіх, якія жывуць у Гомелі, працуюць разам, сустракаюцца з гэтымі людзьмі”, - сказаў кс. Славамір у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

Такім чынам, значную частку тых, хто прыходзіць на “Школу веру”, прыцягнула жывое сведчанне сучасных католікаў – Бог натхняе іх сэрцы: ідзі, шукай!

На думку гомельскага пробашча, “Школа веры” – лепшая форма ўводзін чалавека ў касцёльнае жыццё: маленькімі крокамі наперад. Некаторых святар нават не запрашае адразу на нядзельную св. Імшу, бо разумее: для чалавека патрэбны час, каб ён пакрысе ўзрастаў, як дзіця ва ўлонні маці. Ён запрашае на катэхезы для дарослых і моладзі ў ключы неакатэхуменальных суполак. І пасля гэтых катехез чалавек сам вырашае: ці працягвае шлях у суполцы, ці ўваходзіць у жыццё парафіі і рыхтуецца да сакрамэнтаў.

19-гадовая Вольга з Астраўца, якая вучыцца ў Гомелі, патрапіла ў “Школу веры”, калі прачытала інфармацыю аб ёй на парафіяльным сайце. Дзяўчына шмат думала, пайсці ці не, і калі вырашыла пайсці, не пашкадавала: “Пачала задумвацца пра Бога, пра сваё прызначэнне, пра гэта шмат гавораць на занятках. Таксама слухаем урыўкі з Бібліі, разважанні святара аб прымяненні Слова ў паўсядзённым жыцці, на канкрэтных прыкладах пачынаеш задумвацца аб сваёй веры, хочаш яе ўдасканальваць і даведваешся, як гэта лепш зрабіць, як выконваць волю Бога”, - адзначыла маладая гомельская парафіянка.

39-гадовы Мікалай даведаўся пра “Школу веры” пры наведванні нядзельнай св. Імшы ў касцёле: “Бывае, што дома часу не хапае пачытаць Біблію, а тут яна абмяркоўваецца, разглядаюцца цікавыя моманты аб веры, тлумачэнне Святога Пісання”.

79-гадовая Лідзія наведвае касцёл ужо каля 15 гадоў, але толькі цяпер вырашыла пайсці ў “Школу веры”: “Я хачу прылучыцца да веры, таму хачу глыбей даведацца пра ўсё тое, што тут кажуць. Пачалі з чалавека грэшнага, ён ідзе з грахом, але побач з ім Бог. І ён пачынае верыць, глыбока разумець, што Бог яму дапамагае”.

На думку гомельскага пробашча, “Школа веры” – гэта найлепшы спосаб набываць дар жыцця з Езусам, і заўсёды прапануе такі варыянт кожнаму, хто прыходзіць у парафію, у тым ліку маладым, якія прыйшлі браць шлюб. Бо тады шмат пытанняў здымаецца, Бог усё ставіць на свае месцы, і чалавеку куды прасцей рашыцца на тое, каб рэгулярна па нядзелях прыходзіць у храм, будаваць асабістыя адносіны з Богам.

Павел Міцкевіч, Алёна Германовіч, Пінская дыяцэзія.







All the contents on this site are copyrighted ©.