2014-12-01 10:56:10

Папа распавёў пра перспектывы адносін з Рускай Праваслаўнай Царквой


RealAudioMP3 Падчас пералёту са Стамбула ў Рым, пасля апостальскага візіту ў Турцыю, папа Францішак па традыцыі паразмаўляў з журналістамі, якія суправаджалі яго на борце самалёта. Адно з пытанняў тычылася перспектываў адносін паміж Каталіцкім Касцёлам і Рускай Праваслаўнай Царквой. Папа сказаў, што скептычна адносіцца да тэалагічнага дыялогу, які на яго думку, не прывядзе да жаданай еднасці. У сувязі з гэтым ён ўзгадаў пра Афінагора I які з іроніяй прапаноўваў Паўлу VI пакінуць усіх тэолагаў на востраве, каб яны разважалі аб адзінстве, а самім крочыць далей. “Адзінства – гэта шлях. Шлях, якім неабходна ісці. Шлях, якім трэба ісці супольна. Гэта духоўны экуменізм: маліцца разам, працаваць разам... шмат спраў міласэрнасці, ёсць шмат працы... вучыць разам... Ісці наперад разам”, - сказаў Францішак. Ён адзначыў таксама каштоўнасць экуменізму крыві. Хрысціянскія мучанікі, незалежна ад іх канфесійнай прыналежнасці, нібыта кажуць: “Мы ўсе адно. Мы ўжо прабываем у адзінстве, па духу і па крыві”, перакананы Папа.

Святы Айцец адзначыў, што ў любы момант гатовы сустрэцца з Патрыярхам Кірылам, і падобнае жаданне, на яго думку, існуе таксама з іншага боку. “Мы абодва жадаем сустрэцца і хочам крочыць наперад”, сказаў Пантыфік. Ён выказаў гатоўнасць працягваць абмяркоўваць пытанне аб першаснасці Біскупа Рыма, каб знайсці ў гэтым пытанні кропкі пагаднення.

Адказваючы на пытанне пра ісламафобію, якая пашыраецца ў свеце, Святы Айцец падкрэсліў, што “Каран – гэта кніга міру”, а іслам нельга атаясамліваць з тэрырызмам. Адначасова Папа адзначыў патрэбу ў асуджэнні дзейнасці ісламскіх фундаменталіскіх груповак мусульманскімі лідэрамі, як палітычнымі і навуковымі, так і рэлігійнымі.

Папа прызнаўся, што з задавальненнем наведаў бы Ірак, але зараз, на яго думку, гэта немагчыма. “Я, калі б паехаў туды ў гэты момант, стварыў б дастаткова сур’ёзныя праблемы для ўладаў, звязаныя з бяспекай”, сказаў ён.

Францішак у чарговы раз асудзіў “квітнеючы” сёння гандль зброяй. Ён выказаў сумнівы пра магчымасць вытворчасці хімічнай зброі ў Сірыі і задаўся пытаннем: хто мог прадаць яе? “Магчыма хтосьці з тых, хто абвінавачваў у валоданні ёй? Не ведаю. Але наконт гэтых справаў са зборояй існуе вялікая таямніца”, - сказаў папа Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.