2014-11-29 16:10:00

Папа падчас Эўхарыстыі ў Стамбуле: адкрыцца на Святога Духа – стварыцеля еднасці


RealAudioMP3 З пакорай дазволіць Святому Духу кіраваць сабой, каб усё больш пераўзыходзіць непаразуменні, падзелы і супярэчнасці і быць пераканаўчымі знакамі адзінства і міру, заклікаў папа Францішак падчас Эўхарыстыі ў катэдральным касцёле Стамбула, якую цэлебраваў 29 лістапада 2014 г. На літургіі прысутнічалі Патрыярх Канстантынопальскі Барталамей І, Патрыярх сіра-каталіцкай Царквы Ігнацый ІІІ Юнан, вікарый Армянскай патрыярхіі Канстантынопаля архіепіскап Арам Ацешан, іншыя мясцовыя іерархі і лідэры пратэстанскіх супольнасцяў. У сваёй гаміліі Святы Айцец нагадаў, што шматлікія харызматы прысутныя ў Паўсюдным Касцёле складаюць адно дзякуючы гарманізуючай дзейнасці Святога Духа. “Святы Дух чыніць адзінства ў Касцёле: адзінства ў веры, у любові, ва ўнутранай еднасці. Касцёл і Цэрквы пакліканы дазволіць Святому Духу кіраваць сабой, становячыся адкрытымі, паслухмянымі і пакорнымі”, - сказаў Папа.

Францішак нагадаў, што Святы Дух заўсёды падштурхоўвае рушыць наперад. У той жа час, чалавеку больш камфортна прабываць у статычным і нязменным стане. “Касцёл сведчыць аб сваёй вернасці Святому Духу ў той меры, у якой не мае прэтэнзій на кіраванне Ім і Яго падпарадкаванне”, - падкрэсліў Папа.

Цвёрдая ўпартасць ва ўласных ідэях і перакананнях, амбіцыі і ганарыстасць перашкаджаюць па-сапраўднаму разумець іншых і адкрывацца на шчыры дыялог з імі. Полымя Святога Духа, распальвае сэрца, а не напаўняе розум ідэямі; надзяляе не сілай, але здольнасцю служэння ў любові; дае магчымасць казаць мовай, якую зможа зразумець кожны, нагадаў Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.