2014-11-28 17:08:04

Францішак заклікаў хрысціян і мусульман супрацоўнічаць на карысць міру


RealAudioMP3 Пра неабходнасць супольнай дзейнасці мусульман і хрысціян на карысць развіцця і міру, казаў папа Францішак падчас свайго візіту ва ўпраўленне па рэлігійных справах Турэцкай Рэспублікі (Дыянет) – самы высокі дзяржаўны орган суніцкай мусульманскай большасці, які займаецца каардынаваннем дзейнасці рэлігійных арганізацый у краіне. Звяртаючыся да кіраўніка ўпраўлення прафесара Мехмета Гёрмеза Святы Айцец падкрэсліў, што добрыя адносіны і дыялог паміж хрысціянскімі і мусульманскімі лідэрамі ўяўляюць сабой яснае пасланне да гэтых супольнасцяў, аб тым, што ўзаемная павага і сяброўства магчымыя, нягледзячы на адметнасці. Гэта пасланне асабліва каштоўна сёння, калі цэлыя народы пакутуюць ад войнаў, напружанасці, міжэтнічных і міжрэлігійных канфліктаў і іншых бедстваў, лічыць Францішак. Гаворачы пра трагічную сітуацыю ў Сірыі і Іраку Папа адзначыў, што па прычыне дзейнасці адной экстрэміскай і фундаменталіскай групоўкі пакутуюць цэлыя супольнасці, асабліва хрысціяне і язіды. “У якасці рэлігійных лідэраў, мы маем абавязак асудзіць насілле над годнасцю і правамі чалавека. Жыццё чалавека – дар Бога Стварыцеля – мае сакральны характар, падкрэсліў Святы Айцец.

Францішак адзначыў важнасць супольных намаганняў накіраваных на пошук выйсця з сітуацыі. Гэта, на яго думку, патрабуе супрацоўніцтва паміж усімі зацікаўленымі бакамі: палітычнымі і рэлігійнымі лідэрамі, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, усімі людзьмі добрай волі. Адказнасць у першую чаргу, ляжыць на рэлігійных супольнасцях, перакананы Папа. Шчырае жыццё згодна з супольнымі духоўнымі скарбамі хрысціян і мусульман, можа перамяніць жыццё і даць надзейную аснову годнасці і братэрству паміж людзьмі, сказаў ён.

Напрыканцы прамовы Пантыфік выказаў задавальненне добрымі адносінамі паміж турэцкім упраўленнем па рэлігійных справах і Папскай радай па міжрэлігійным дыялогу, што на яго думку, з’яўляецца знакам надзеі для свету, які вельмі патрабуе міру, бяспекі і росквіту.

Пасля сустрэчы з кіраўніком упраўлення па рэлігійных справах Турцыі папа Францішак накіраваўся на аўтамабіле ў Апостальскую нунцыятуру, дзе правядзе бліжэйшую ноч.








All the contents on this site are copyrighted ©.