Святы Айцец звярнуўся да палітычных лідэраў Турцыі
Турцыя, па прычыне
свайго геаграфічнага палажэння і важнасці ў рэгіёне мае вялікую адказнасць: яе выбары
і прыклад маюць асаблівае значэнне і могуць спрыяць сустрэчы цывілізацый і вызначаць
дзейсныя шляхі да міру і сапраўднага развіцця, адзначыў папа Францішак у звароце да
прадстаўнікоў турэцкіх уладаў, з якімі сустрэўся 28 лістапада 2014 г. Звяртаючыся
да палітыкаў, Святы Айцец нагадаў пра багатую гістарычную спадчыну краіны, а таксама
яе старажытную сувязь з хрысціянствам: на гэтай зямлі хрысціянскія супольнасці былі
заснаваны яшчэ св. Паўлам, тут праводзіліся першыя сем Сабораў і знаходзіцца месца
ў якім, паводле традыцыі, жыла Панна Марыя, заўважыў Пантыфік. Францішак адзначыў
важнасць дыялогу, які дапаможа вызнаўцам іслама і хрысціянства лепш пазнаваць адно
аднаго, цаніць адметнасці і лічыцца з імі дзеля будавання трывалага спакою, заснаванага
на павазе да правоў і абавязкаў звязаных з годнасцю чалавека. Фундаментальна неабходна,
каб мусульмане, яўрэі і хрысціяне мелі роўныя правы і абавязкі і маглі карыстацца
імі, падкрэсліў Святы Айцец.
Папа з жалем адзначыў, што на працягу многіх
гадоў Блізкі Усход застаецца тэатрам братазабойчых войнаў. “Здаецца, адна вайна нараджае
другую, як быццам адзіным магчымым адказам на вайну і насілле можа быць толькі новая
вайна і новае насілле”, сказаў ён. Пантыфік заахвоціў палітыкаў выкарыстоўваць усе
магчымасці перамоў, каб дасягнуць міру і ўстойлівага развіцця.
Важны ўнёсак
ў мірны працэс у рэгіёне, на думку Францішка, можа прынесці міжрэлігійны і міжкультурны
дыялог, які дапаможа асудзіць фундаменталізм і тэрарызм на рэлігійнай глебе. Фанатызму
неабходна супрацьпаставіць салідарнасць вернікаў, заснаваную на павазе да чалавечага
жыцця, свабодзе веравызнання і выбару рэлігійнай маралі, намаганнях на карысць дабрабыту
і навакольнага асяроддзя, лічыць Папа.
На заканчэнне свайго звароту ён высока
ацаніў шчодрасць з якой Турцыя адносіцца да вялікай колькасці бежанцаў, у першую чаргу
з Сірыі і Іраку. Міжнародная супольнасць мае маральны абавязак дапамаць у гэтым, адзначыў
Францішак.
Святы Айцец нагадаў пра сваю перакананасць у немагчымасці спынення
несправядлівага агрэсара любым чынам: праблему трэба вырашаць у рамках міжнароднага
права і не толькі вайсковымі метадамі. Пантыфік заклікаў выкарыстоўваць фінансавыя
рэсурсы не на ўзбраенні, а на вырашэнне праблем якія спрыяюць з'яўленню тэрарызма:
на барацьбу з голадам і хваробамі, на ўстойлівае развіццё і ахову прыроды, выкараненне
шматлікіх формаў беднасці і маргінальнасці.