“Абудзіце свет!”,
з такім заклікам папа Францішак звярнуўся да кансэкраваных асобаў у пасланні з нагоды
адкрыцця Года кансэкраванага жыцця, які распачнецца 30 лістапада 2014 г. і скончыцца
2 лютага 2016 г. Натхненнем для паслання паслужыла Апостальская адгартацыя “Vita Consecrata”
св. Яна Паўла II. У сваім звароце Францішак паставіў перад кансэкраванымі асобамі
тры задачы: па-першае, “глядзець на мінулае з падзякай”, каб захаваць сваю ідэнтычнасць;
па-другое, “жыць у сучаснасці з запалам”; і па-трэцяе, “абдымаць будучыню з надзеяй”,
не апускаць рукі сутыкнуўшыся з цяжкасцямі кансэкраванага жыцця, у тым ліку, з крызісам
пакліканняў.
Здольнасць перадаваць радасць і шчасце веры, перажытых у супольнасці,
вядзе да росту Касцёла, а сведчанне братэрскай любові, салідарнасці, узаемадапамогі
павялічвае яго каштоўнасць. Касцёл павінен быць “кузняй прарокаў”, здольных разумець
гісторыю сваёй эпохі і інтэрпрэтаваць падзеі, выкрываючы грахі і несправядлівасць.
Францішак чакае ад кансэкраваных асобаў стварэння месцаў у якіх можна было
б жыць евангельскай логікай дару, братэрства, адметнасцяў, узаемнай любові. Інстытуты,
да якіх належаць кансэкраваныя асобы, не павінны ператварацца ў ізаляваную рэальнасць.
Святы Айцец выказаў спадзяванне, што Год кансэкраванага жыцця дасць магчымасць наладзіць
шчыльнае супрацоўніцтва паміж рознымі супольнасцям асабліва ў сферы дапамогі бежанцам
і бедным, абвяшчэння Евангелля і ўводзінаў у малітоўнае жыццё.
Пантыфік заклікаў
біскупаў клапаціцца аб развіцці розных харызматаў у сваіх супольнасцях, дапамагаючы
ззянню прыгажосці і святасці кансэкраванага жыцця ў Касцёле.