27 лістапада 2014
г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі удзельнікаў Міжнароднага кангрэса на тэму душпастырства
вялікіх гарадоў. Форум праходзіў 24-25 лістапада 2014 г. у Барселоне пры ўдзеле каталіцкіх
іерархаў, душпастыраў, экспертаў у сацыялогіі і тэалогіі са шматлікіх мегаполісаў
свету. Святы Айцец нагадаў, што сам на працягу доўгага часу быў пастырам у Буэнас-Айрэсе
– шматкультурным горадзе з 13-мільённым насельніцтвам, таму добра знаёмы з выклікамі
гэтага асяроддзя. Першым з іх Папа назваў патрэбу ў змене душпастырскага мыслення.
Сёння Касцёл з’яўляецца далёка не адзіным, хто нясе людзям каштоўнасці. У дадзеным
кантэксце неабходна весці гарачае евангелізацыйнае душпастырства, якога людзі, што
жывуць у вялікіх гарадах, чакаюць ад Касцёла і патрабуюць. “Мы павінны працаваць не
грэбуючы і абвяшчаць Езуса Хрыста не саромячыся”, - сказаў Папа.
Яшчэ адзін
выклік – гэта дыялог з іншымі культурамі. Тут, паводле Францішка, важна цвёрда прытрымлівацца
сваёй хрысціянскай ідэнтычнасці і імкнуцца дасягнуць сэрцаў іншых людзей, сеючы ў
іх Евангелле. У той жа час, неабходна прыбягаць да розных навук, каб пазнаваць сітуацыю
ў гарадах і падставы культур у іх прысутных, перакананы Папа.
Францішак заклікаў
таксама цаніць рэлігійнасць бедных людзей і евангелізаваць яе, калі яна змешваецца
з магічнымі ўяўленнямі. Святы Айцец заклікаў глядзець на касцёльнае жыццё ў місійным
ключы: замест таго, каб чакаць, трэба выходзіць і самім шукаць людзей. Папа адзначыў
важнасць сведчання любові да самых слабых і безабаронных, а таксама неабходнасць змены
катэхетычных праграм, каб па-сапраўднаму распальвалі веру ў людзях.