2014-11-27 13:24:39

Папа Францішак сустрэўся з прадстаўнікамі “Сям’і св. Паўла”


RealAudioMP3 27 лістапада 2014 г. папа Францішак сустрэўся з удзельнікамі пілігрымкі, арганізаванай з нагоды стагоддзя з дня заснавання “Сям’і св. Паўла”. Пантыфік лічыць, што стогадовы юбілей дае яе прадстаўнікам магчымасць зноў пацвердзіць сваё абяцанне “жыць з верай і сведчыць пра яе”, галоўным чынам, з дапамогай выдавецкіх і мультымедыйных сродкаў камунікацыі. Адрасатамі добрай весткі з’яўляюцца ўсе людзі, якія жывуць у свеце: кожны чалавек, з яго асабістымі якасцямі, гісторыяй, культурай.

Святы Айцец заклікаў удзельнікаў пілігрымкі і далей ісці па шляху, распачатаму заснавальнікам “Сям’і св. Паўла” бл. Джакама Альбер’ёнэ, “скіраваўшы погляд да шырокіх гарызонтаў”. Многія людзі яшчэ не ведаюць Езуса, але нельга забывацца, што “кожны чалавек мае права спазнаць Евангелле”. “Абавязак хрысціянаў – несці яго ўсім людзям, не выключаючы нікога”, – падкрэсліў Папа. Міласэрнасць не ведае межаў і заўсёды знаходзіць новыя шляхі для таго, каб данесці Евангелле да прадстаўнікоў розных культур і грамадскіх сфер. На думку Пантыфіка, евангелізацыя у “Сям’і св. Паўла” у крыві, у ДНК, пра гэта сведчыць той факт, што яе заснавальнік натхніўся асобай і місіяй апостала Паўла.

Папа нагадаў, што ІІ Ватыканскі Сабор прадставіў міру Касцёл як народ, які ідзе па шляху да Бога. Гэта бачанне Касцёла сведчыць пра “хрысціянскую надзею” на вечнае жыццё. Францішак перакананы, што кансэкраваныя асобы – найлепшыя сведкі гэтай надзеі. Яны сведчаць пра яе ўсім ладам свайго жыцця, адзначаным радасцю. Радасцю спазнання Бога, якая напаўняе сэрца і робіць чалавека такім шчаслівым, што яму больш не трэба шукаць радасці недзе яшчэ. Важнымі элементамі, які дае радасць кансакраваным асобам, на думку Святога Айца, з’яўляецца братэрства, супольнасць і служэнне Касцёлу. “І тут трэба ўзгадаць пра любоў да адзінства Касцёла. Уся ваша праца, апостальская стараннасць, павінна быць поўная любові да гэтага адзінства. Нельга распальваць канфлікты, нельга слепа паўтараць тыя навіны сродкаў масавай інфармацыі, якія імкнуцца ператварыць канфлікт у спектакль. Заўсёды падтрымліваць адзінства Касцёла, тое адзінства, пра якое Езус прасіў Айца як аб вялікім падарунку”, – сказаў папа Францішак.

Напрыканцы сустрэчы Святы Айцец выказаў спадзяванне, што наступны Год кансэкраванага жыцця будзе спрыяць місіі “Сям’і св. Паўла”.








All the contents on this site are copyrighted ©.