2014-11-26 11:10:34

Беларусь: праз рэпрэсаваных вернікаў навяртаюцца ворагі Касцёла


RealAudioMP3 Лістапад у каталіцкай традыцыі – месяц малітвы за тых, хто скончыў зямную вандроўку. І ў гэтыя дні католікі моляцца асаблівым чынам не толькі за сваіх памерлых сваякоў, але і тых, чые імёны і прозвішчы згубіліся ў часы сталінскіх рэпрэсій. Тысячы нашых суайчыннікаў згінулі ў лагерах, былі закатаваныя, у тым ліку і за сведчанне хрысціянскай веры. Вялікую працу па ўстанаўленні імёнаў мясцовых рэпрэсаваных католікаў праводзіць пробашч гомельскай парафіі Нараджэння Божай Маці кс. Славамір Ласкоўскі. Як ён кажа, на гэтую працу яго нахніў св. Ян Павел II, які казаў, што Касцёл павінен захоўваць памяць аб тых сведках веры, якія былі да нас. “І на нашай тэрыторыі Касцёл прайшоў Крыжовы шлях, вельмі шмат людзей загінула. У пачатку 90-х гадоў я пачаў працу па пошуках крыніцаў, па якіх можна было б дакапацца да праўды. Гэтыя крыніцы – архівы КДБ. І ў пачатку 90-х гадоў сітуацыя была настолькі добрай, што гэтую інфармацыю адкрылі. Адна з нашых парафіянак сядзела дзень у дзень і працавала ў архівах. Тое, што мы знайшлі, для нас было неверагодным адкрыццём”, - сказаў ён у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

А знайшлі ў архівах імёны чатырох гомельскіх ксяндзоў-мучанікаў. Першым трапіў пад рэпрэсіі ўжо ў 1919 г. вікарый парафіі кс. Павел Бірнік – яго расстралялі. Далей – кс. Канстанцін Андрэкус, які быў пробашчам і дэканам Гомельскага дэканата з 1929-га па 1933-ці гады. Пасля доўгага працэсу 25 жніўня 1937 г. у турме НКУС у Мінску яго расстралялі. Кс. Уладзіслаў Кунда, які быў пробашчам у Гомелі і Рагачове, узяты пад варту 5 снежня 1935 г. Спачатку ён атрымаў 8 гадоў лагероў, але за сістэматычную антысавецкую агітацыю сярод зняволеных яго наноў асудзілі і расстралялі 31 жніўня 1937 г. у Мардовіі. Кс. Франц Чырскі, які прыйшоў служыць у Гомель ужо пасля ссылкі, усяго некалькі месяцаў папрацаваў тут – яго зноў узялі пад варту 5 лістапада 1937 года і ўжо 29 лістапада расстралялі ў Гомелі.

Гэтыя кароткія звесткі – сведчанне таго, што людзі разумелі сур’ёзнасць сітуацыі і прыходзілі служыць пастве, не баяліся аддаць сваё жыццё. Таксама ў архівах знайшлі шмат сведчанняў аб забітых верніках з гомельскай парафіі – дзесяткі прозвішчаў. Акрамя таго, з іншых парафій Гомельшчыны – сотні католікаў, якія пацярпелі за Хрыста. І гэта інфармацыя ўзятая толькі з часткі крыніц, а колькі яшчэ застаецца невядомага?

Часткова вынік працы гомельскага пробашча і гісторыкаў выдадзены ў кнізе “Касцёл і ўлада на Гомельшчыне ў 20-30 гады”. Але пошукі працягваюцца далей, каб адкрыць гісторыю для сучаснікаў. “Каб мы разумелі, што Касцёл будуецца на крыві, пралітай нашымі прадзедамі. І ёсць маса сведчанняў не толькі з архіваў, але і з расповедаў людзей, якія, не баючыся, казалі пра розныя гісторыі. Сёння, можа быць, не час выдаваць гэты матэрыял, таму што будзе проста немагчыма яго выдаць у такой форме, у якой ён ёсць. Для некаторых гэта можа быць абсалютным шокам”, - сказаў гомельскі пробашч.

Кс. Славамір таксама адзначыў: для католікаў з’яўляецца радасцю тое, што ў гэтую працу ўключылася і Праваслаўная Царква. Не так даўно ў абласной бібліятэцы ладзілася канферэнцыя, якую арганізавалі праваслаўныя, прысвечаная рэпрэсаваным. Гаварылася пра ахвяраў сярод праваслаўных, якія паклалі сваё жыццё. Дарэчы, у 1994 г. разам з праваслаўнымі быў пастаўлены крыж на 9-м кіламетры Чарнігаўскай шашы ў Гомелі – гэта месца шматлікіх расстрэлаў карнікамі НКУС і каталікоў, і праваслаўных, і веруючых габрэяў.

“Мы наведваем гэта месца не толькі ў лістападзе, а і на працягу года там з’яўляюцца свежыя кветкі і лампадкі. Гэта знак таго, што тое месца малітвы і памяці. Гэтая памяць важная не ў тым сэнсе, каб шукаць тых, што забівалі, асудзіць іх. А, перш за ўсё, каб не забыцца аб велізарнай ахвяры. Як гавораць Айцы Касцёла, кроў пакутнікаў – гэта насенне будучых вернікаў. І сёння мы ходзім па слядах гэтых святых і можам далей развіваць жыццё Касцёла, хоць і не без цяжкасцяў. Бачу, што многія людзі, якія сёння з’яўляюцца ў касцёле – плод жыцця тых святых. Людзі прыходзяць з вялізнага аддалення, з атэізму, сёння ў гомельскай парафіі ёсць нават тыя, хто быў ворагамі Касцёла. Іх навяртанне – плён тых людзей, якія гінулі, якіх расстрэльвалі. Шмат хто нёс гэтую ахвяру за выратаванне іншых”, - сказаў кс. Ласкоўскі.

Памяць Касцёла пра гэтых людзей вельмі важная, бо дзякуючы ім мы сёння жывем, лічыць гомельскі пробашч.

Павел Міцкевіч, Алена Германовіч, Пінская дыяцэзія.







All the contents on this site are copyrighted ©.