2014-11-25 10:22:18

Святы Айцец у Страсбургу


RealAudioMP3 Самалёт італьянскіх авіяліній з папам Францішкам на борце прызямліўся 25 лістапада 2014 г. раніцай у Страсбургу. У 10.35 Святы Айцец пачне свой візіт у Еўрапейскім парламенце, дзе выступіць з прамовай. Пазней ён накіруецца ў Савет Еўропы, дзе таксама звернецца са сваімі словамі. У 13.50 запланаваны зваротны рэйс у Рым. Візіт у Страсбург зойме менш за чатыры гадзіны. Гэта пятая замежная паездка Францішка, пасля наведання Бразіліі, Святой Зямлі, Паўднёвай Карэі і Албаніі. Гэта будзе другі візіт Біскупа Рыма, галавы Каталіцкага Касцёла, у Еўрапейскім парламенце ў Страсбургу. Першы здзейніў 11 кастрычніка 1988 г. св. Ян Павел II, які таксама наведаў Парламенцкую Асамблею Савета Еўропы. ЕС складаўся ў той час з 12 дзяржаў-членаў, сёння іх – 28 з 507 млн. жыхароў. Навіну аб падарожжы Святога Айца абвясціў першым старшыня Еўрапейскага парламента Марцін Шульц 11 верасня 2014 г. Неўзабаве пасля гэтага інфармацыю пацвердзіў кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы, кс. Фэдэрыка Ламбардзі. Ён падкрэсліў, што гэты візіт не будзе спалучаны з афіцыйнай пілігрымкай Папы ў Францыю, запланаванай на 2015 або 2016 гады.

На жаль, католікі ў Страсбургу ўбачаць Францішка толькі па тэлевізары. Святы Айцец не наведае мясцовую катэдру, якая сёлета святкуе сваё тысячагоддзе. Але ў храме можна будзе сачыць за трансляцыяй візіту Папы. Рашэнне было прынята архідыяцэзіяй у Страсбургу беручы пад увагу “кароткі час візіту і яго чыста палітычны і дыпламатычны характар”, а таксама адсутнасць пэўнасці адносна маршруту пераезду Пантыфіка па вуліцах горада.







All the contents on this site are copyrighted ©.