2014-11-24 13:18:08

Францішак: кідаць усё ў скарбонку, не пакідаючы нічога для сябе


RealAudioMP3 Калі Касцёл сціплы і бедны, то ён верны Хрысту, у адваротным выпадку яму пагражае спакуса свяціць уласным святлом, замест таго, каб даваць свету святло Божае, папярэдзіў Папа 24 лістапада 2014 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі. У сваёй гаміліі Святы Айцец спаслаўся на евангельскі фрагмент (Лк 21,1-4), што апісвае як бедная ўдава паклала ў скарбонку Ерузалемскай святыні дзве манеты – усё, што мела. Папа адзначыў, што ёсць багатыя людзі, якія дэманстратыўна даюць шмат, але ў гэтым акце паказваюць выключна сваю ганарыстасць. Існуе, аднак, і такая ахвярнасць, якая не прыцягвае чалавечай увагі, але якую бачыць Бог. Святы Айцец заўважыў, што евангельская ўдава была асобай невядомай, не свяціла ўласным святлом, таму ён бачыць у ёй постаць Касцёла, які павінен свяціць выключна Божым святлом, і ніколі ўласным.

“Калі Касцёл пакорны, калі ён слабы, нават калі ён прызнаецца ў сваіх бедах – трэба памятаць, што мы ўсе іх маем – то ён верны”, - лічыць Пантыфік. Ён заклікаў прасіць евангельскую ўдаву навучыць нас быць менавіта такім Касцёлам, “кідаючы ўсё, што мы маем у жыцці ў скарбонку, не пакідаючы нічога для сябе”.







All the contents on this site are copyrighted ©.