2014-11-23 14:15:38

Святы Айцец пажадаў жыхарам Індыі і Італіі надзеі, салідарнасці і братэрства


RealAudioMP3 23 лістапада 2014 г. перад малітвай “Анёл Панскі” Францішак прывітаў пілігрымаў з Італіі і Індыі, якія прыбылі ў Рым на кананізацыю шасці благаслаўлёных. Ва ўрачыстасць Пана Нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, Папа кананізаваў чатырох італьянцаў і двух індзійцаў. Ён звярнуўся да усіх, хто прыбыў у Вечны горад, каб аддаць пашану новым святым, і асаблівым чынам да афіцыйных дэлегацый з Італіі і Індыі. “Няхай прыклад чатырох італьянскіх святых, народжаных у правінцыях Вічэнца, Неапаль, Казенца і Рыміні, дапаможа ўмілаванаму італьянскаму народу ажывіць дух супрацоўніцтва і гармоніі для агульнага дабра і глядзець у будучыню з надзеяй, з верай у блізкасць Бога, Які ніколі не пакідае нас, нават у цяжкія моманты”, - сказаў Францішак.

Звяртаючыся да пілігрымаў з Індыі, Папа сказаў: “Няхай праз заступніцтва двух святых з штата Керала Пан дасць Касцёлу ў Індыі новы місійны імпульс, каб натхніўшыся іх прыкладам згоды і прымірэння, хрысціяне ў гэтай краіне працягвалі ісці па шляху салідарнасці і братэрства”.

Папа Францішак таксама прывітаў кардыналаў, біскупаў, святароў, а таксама сем’і, парафіяльныя групы, асацыяцыі і школы. “З сыноўняй любоўю мы звяртаемся да Панны Марыі, Маці Касцёла, Каралевы Святых і ўзору для ўсіх хрысціян”, - сказаў перад марыйнай малітвай Пантыфік.

Як звычайна, пасля “Анёл Панскі”, Францішак пажадаў усім добрай і спакойнай нядзелі, якая б прайшла пад знакам радасці, крыніцай якой з’яўляюцца новыя святыя. Пантыфік папрасіў маліцца за яго.







All the contents on this site are copyrighted ©.