Папа: сёння патрэбна сапраўднае “місійнае навяртанне” Касцёла
“Кожнае пакаленне
заклікана быць місіянерамі”, - лічыць Святы Айцец. 22 лістапада 2014 г. падчас сустрэчы
з удзельнікамі італьянскай Нацыянальнай місійнай канферэнцыі, натхненнем для якой
стала пастава старазапаветнага прарока Ёны, ён заклікаў да будаванне “місійнага Касцёла”,
які не баіцца выйсці насустрач новаму і казаць пра радасць Евангелля, “да ўсіх, без
адрозненняў”. І гаворка ідзе не пра навязванне сваёй веры, але дзяленне тым, што ў
нас ёсць. Місійны дух Касцёла, паводле Папы, гэта ўсяго некалькі рэчаў: выйсці, пачуць
лямант бедных і далёкіх, сустракацца з кожным і абвяшчаць радасці Евангелля. “Місія
з’яўляецца абавязкам усіх хрысціян, а не толькі некаторых”, - яшчэ раз нагадаў Пантыфік
і дадаў, што сёння патрэбна сапраўднае “місійнае навяртанне” усяго Касцёла. “Я заклікаю
вас не даць скрасці ў сябе надзею і мару змяніць свет з Евангеллем, з евангельскім
зачынам, пачынаючы з гуманітарных і экзістэнцыяльных перыферый”, - звярнуўся да ўдзельнікаў
місійнага форуму Францішак. Ён папрасіў не забывацца, што місійная дзейнасць немагчыма
без такіх паняццяў, як: міласэрнасць, суцяшэнне і надзея.
Папа звярнуў увагу
на тое, што сам Езус быў чалавекам з перыферый, Галілея была ляжала далёка і ад цэнтраў
Рымскай імперыі, і ад Ерузалему. Ён сустракаў бедных, хворых, апантаных, грэшнікаў,
прастытутак, маючы вакол сябе невялікую групу вучняў і некалькі жанчын, якія слухалі
Яго і служылі Яму. “Тым не менш, Яго слова стала пачаткам паваротнага моманту ў гісторыі,
пачаткам духоўнай і чалавечай рэвалюцыі”, - сказаў Святы Айцец і дадаў, што менавіта
“гэтым скарбам, мы хочам дзяліцца”.
Пантыфік заклікаў каталіцкіх місіянераў
не губляць місіянага духа і энтузіязму, і ў першую чаргу накіраваць іх на падтрымку
самых бедных, пакінутых, пацярпелых ад войнаў.