2014-11-22 12:42:11

Пантыфік да касцёльных рухаў: захавайце “свежасць харызмату”


RealAudioMP3 “Захаваць свежасць харызмату”, - заклікаў Святы Айцец удзельнікаў Сусветнага кангрэсу касцёльных рухаў, які праходзіў 20-22 лістапада 2014 г. у Рыме. Ён нагадаў, што “рэальнасць важнейшая за ідэі”, таму “не трэба падманваць сябе, думаючы, што знешнія структуры могуць гарантаваць дзеянне Святога Духа”. Навізна ў абвяшчэнні Евангелля, дадаў Пантыфік, палягае не на новых метадах і формах, але, хутчэй, “на гатоўнасці рэагаваць з новым энтузіязмам на заклік Пана”. Гэта ён назваў “евангельскай мужнасцю”, неабходнай для росту хрысціянскіх супольнасцяў. “Калі формы і метады становяцца самамэтай, яны ператвараюцца ў ідэалогію, аддаленую ад рэальнасці”, - заўважыў Папа і дадаў, што ў такім выпадку “формы і метады задушаць сам харызмат, які даў ім жыццё”.

Францішак заўважыў, што сённяшні чалавек “адчувае сур’ёзныя праблемы з ідэнтычнасцю” і належным выбарам, у выніку чаго як бы “дэлегуе” важныя жыццёвыя рашэнні іншым. У такой сітуацыі касцёльныя рухі не павінны паддацца “спакусе ўзурпацыі свабоды асобы”, але накіроўваць чалавека да росту ў “натуральнай сталасці”. Папа заклікаў не забывацца, што самы каштоўны дар Святога Духа, гэта камунія. Яна асабліва важная сёння, калі ў свеце пануюць: падзелы, суперніцтва і зласлоўе.

Для дасягнення “касцёльнай сталасці”, нагадаў Францішак, патрэбны таксама місійны дух, бо радасць абвяшчэння Евангелля з’яўляецца асновай дароў Святога Духа.







All the contents on this site are copyrighted ©.