Святы Айцец: у хрысціянскай супольнасці няма чужых
21 лістапада 2014
г. папа Францішак сустрэўся з удзельнікамі VII Сусветнага кангрэса пастырства мігрантаў,
які завяршыўся ў Рыме. Пантыфік нагадаў, што нягледзячы на новыя трагічныя падзеі
міграцыя застаецца “падарожжам надзеі”, асабліва ў тых рэгіёнах, дзе адсутнасць працы
перашкаджае годнаму жыццю і з’яўляецца магутным стымулам для пошуку лепшай будучыні.
На думку Святога Айца, асноўнымі фактарамі міграцыі з’яўляюцца няроўнасць, беднасць,
павелічэнне колькасці насельніцтва, змены на сусветным рынку працы, стыхійныя бедствы,
войны, пераследы, а таксама імкненне моладзі знайсці новыя магчымасці працаўладкавання.
Францішак
звярнуў увагу ўдзельнікаў кангрэса на пазітыўны бок міграцыі. У сувязі з дэмаграфічным
крызісам праца імігрантаў прыносіць эканамічную карысць многім краінам. Адзначаецца
скарачэнне ўзроўню беспрацоўя і прыток грашовых паступленняў, якія мігранты высылаюць
сваім сем’ямі. Нарэшце, мігранты рэалізуюць свае мары пра лепшую будучыню. Аднак,
заўважыў Пантыфік, міграцыю суправаджае і шэраг праблем: “уцечка мазгоў”, дзеці, якія
растуць без бацькоў, крушэнне сужэнстваў. Некаторыя мігранты селяцца ў бедных гарадскіх
раёнах, з цяжкасцю інтэгруюцца і не заўсёды паважаюць сацыяльныя і культурныя нормы.
У гэтай сувязі, упэўнены Святы Айцец, каталіцкія душпастыры адыгрываюць важную ролю
ініцыятараў дыялогу, пасярэднікаў паміж мігрантамі і мясцовым насельніцтвам.
Папа
нагадаў, што Касцёл надае значную ўвагу евангелізацыі і задавальненню духоўных патрэб
мігрантаў праз катэхезу, літургію і ўдзяленне сакрамэнтаў. Касцёл імкнецца быць крыніцай
надзеі для мігрантаў, часта расчараваных і самотных. Для іх распрацаваны спецыяльныя
праграмы па прафесійнай падрыхтоўцы і арыентацыі, абароне правоў, аказанню матэрыяльнай
дапамогі.
Папа Францішак перакананы, што замест таго, каб бачыць у мігрантах
праблему, неабходна ацаніць іх патэнцыял. Кожнаму мігранту трэба гарантаваць магчымасць
удзелу ў жыцці грамадства. Асабліва гэта тычыцца хрысціянскай супольнасці, дзе няма
чужых і незнаёмых. Напрыканцы зварота Пантыфік даверыў удзельнікаў кангрэса апецы
Маці Божай і Святога Юзэфа, якія некалі таксама пазналі цяжкасці выгнання ў Егіпет.