Кардынал Вэльё: каб захаваць рыбныя рэсурсы Зямлі, трэба паважаць прыроду
21 лістапада 2014
г. адзначаецца Сусветны дзень рыбалоўства. З гэтай нагоды старшыня Папскай рады пастырства
мігрантаў і падарожнікаў, кардынал Антоніа Марыя Вэльё, накіраваў пасланне да ўсіх
зацікаўленных асоб і арганізацый, каб прыцягнуць увагу да рыбнай гаспадаркі, у якой
працуе 58 мільёнаў чалавек. Кіраўнік ватыканскай дыкастэрыі заклікаў нацыянальныя
і мясцовыя душпастырствы працаўнікоў мора пашыраць сваю прысутнасць ў портах і рэалізоўваць
праграмы, якія дазволяць зрабіць рыбакоў і іх сем’і неад’ёмнай часткай мясцовай хрысціянскай
супольнасці.
Кардынал Вэльё нагадаў, што рыбалоўства – адна з самых небяспечных
прафесій. Штогод у моры гінуць сотні людзей, многія пакутуюць ад прафесійных рызык.
Рыбакі падвяргаюцца эксплуатацыі, насіллю, робяцца ахвярамі гандлю людзьмі і прымусовай
працы. У пасланні гаворыцца, што ратыфікацыя Пагаднення пра працу ў рыбагаспадарчым
сектары дазволіць калі не цалкам выкараніць гэтыя рызыкі, прынамсі, даць рыбакам дадатковую
абарону. Яго мэта – гарантаваць рыбакам годныя ўмовы працы, медыцынскае абслугоўванне
і сацыяльнае забеспячэнне.
Міравы акіян знаходзіцца пад уплывам вялікага ціску.
Па дадзеных ФАО, 30% усіх рыбных рэсурсаў вычарпаны або падвяргаюцца празмернай здабычы.
Для гэтага ёсць шэраг прычын: змена клімату, незаконная, некантраляваная і нерэгуляваная
лоўля, забруджанне вадаёмаў, выкарыстанне дынаміту, цыяніду і іншых нерацыянальных
метадаў рыбнай лоўлі. “Са спрадвечных часоў рыбалоўства служыць чалавеку крыніцай
ежы і мае вялікае значэнне для эканомікі многіх краін. Аднак сёння здабыча рыбы дасягнула
крытычнага ўзроўню: існуе рэальная рызыка, што ў хуткім часе многія ўзбярэжныя супольнасці
страцяць крыніцу свайго існавання”, - адзначаецца ў пасланні. Каб гэтага пазбегнуць,
лічыць кардынал Вэльё, трэба весці адказнае рыбалоўства і з павагай ставіцца да прыроды.