Папа: крыж Езуса – кошт заплачаны за закрытасць чалавечых сэрцаў
Езус плача таксама
сёння, калі дзверы нашых сэрцаў закрываюцца для нечаканасцяў з Яго боку, адзначыў
папа Францішак 20 лістапада 2014 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. Калі Езус
наблізіўся да Ерузалема і ўбачыў яго, заплакаў над ім, заўважыў Пантыфік, каментуючы
евангельскі фрагмент (Лк 19,41-42). На думку Святога Айца, прычынай слёзаў Хрыста
была закрытасць сэрцаў жыхароў Ерузалема: выбраны горад жыў у самазадавальненні і
не адчуваў патрэбы ў Пану – не ўсведамляў, што патрабаваў збаўлення. “Ерузалем быў
безтурботным – святыня функцыянавала, святары прыносілі ахвяраванні, народ здзяйсняў
пілігрымкі, настаўнікі закона ўпарадкоўвалі ўсё. Усё было дакладна! Усе загады – ясныя”,
- заўважыў Папа. Але гэта, на яго думку, паспрыяла закрытасці сэрцаў людзей на Божыя
нечаканасці. Ерузалем баяўся сюрпрызаў – баяўся, што Пан наведае яго. Горад адчуваў
сябе ў бяспецы, калі трымаў усё па кантролем. Паводле Святога Айца, падобная пазіцыя
– закрытасць на нечаканасці з боку Бога – часта з’яўляецца ўласцівай сучасным вернікам
і пастырам. “Мы адчуваем сябе ў бяспецы, калі можам кіраваць рэчамі. Але прыход Пана,
Яго сюрпрызы, мы не можам кантраляваць”, - сказаў Папа і дадаў, што коштам закрытасці
чалавечых сэрцаў – стаў Крыж.
Францішак заклікаў кожнага спытацца сябе пра
стан свайго сэрца: пра ўзровень самазадаволенасці і самадастатковасці, які прыводзяць
да нежадання новых сустрэч з Богам. Папа перакананы, што Езус працягвае стукаць у
сэрцы людзей, але, калі яны аказваюцца закрытымі, Ён плача, таксама і сёння, як рабіў
гэта гледзячы на Ерузалем.