Кардынал Кох: палітычны канфлікт ва Украіне справакаваў таксама канфлікт экуменічны
У Ватыкане 18 лістапада
2014 г. распачалося пленарнае пасяджэнне Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.
На гэты раз яно мае адмысловы характар і будзе прысвечана 50-годдзю саборнага Дэкрэту
пра экуменізм “Unitatis redintegratio”. Яго прааналізуюць з трох пунктаў гледжання:
каталіцкага, праваслаўнага і пратэстанцкага. На пленарным пасяджэнні будуць таксама
прадстаўлены некаторыя сумныя акцэнты. Сур’ёзнай пагрозай для экуменізму аказалася
ангажаванасць Маскоўскага Патрыярхату ў канфлікт ва Украіне, лічыць старшыня Папскай
рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынала Курт Кох.
“Мы павінны прызнаць,
што палітычны канфлікт ва Украіне справакаваў таксама канфлікт экуменічны”, - сказаў
ён у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё, паколькі з боку Маскоўскага Патрыярхату было скіравана
шмат абвінавачванняў супраць Грэка-каталіцкай Царквы ва Украіне. Ватыканскі іерарх
лічыць гэтам сумным, бо “Цэрквы, наадварот, павінны быць інструментам прымірэння ў
краіне”. “Я спадзяюся, што мы знойдзем новы шлях паяднання і міру паміж Цэрквамі,
маючы на ўвазе таксама адзінства грамадства”, - сказаў ён.
Гадавіна выдання
Дакументу пра экуменізм будзе адзначацца 21 лістапада 2014 г. Ён стаў сапраўднай “вялікай
хартыяй” ІІ Ватыканскага Сабору і ўсіх каталіцкіх намаганняў па аднаўленні адзінства.
“Зараз лепшы час, каб паглядзець на гэты саборны тэкст, прачытаць яго яшчэ раз і абнавіць
яго. Мы павінны спытаць, у чым мэта экуменічнага руху і дзе яго прынцыпы, выклікі
і станоўчы напрамак развіцця”, - сказаў кардынал Кох.
Дэкрэт “Unitatis redintegratio”
змяніў мову, на якой Каталіцкі Касцёл размаўляў з іншымі хрысціянамі: тут няма ніякага
асуджэння і крыўды, але ёсць павага, якая выражаецца ў тэрміне “аддзеленыя браты”
і звароце ўвагі на элементы ісціны і дабра, а таксама “рэальнае жыццё ласкі” у іх
супольнасцях. Айцы Сабору падкрэслілі, што адсутнасць адзінства адкрыта супярэчыць
волі Хрыста, з’яўляецца спакусай для свету і наносіць шкоду самой справе абвяшчэння
Евангелля.