2014-11-17 12:50:56

Францішак: сям’я – антрапалагічная рэальнасць, а не ідэалагічная


RealAudioMP3 Дзеці маюць права на тое, каб расці ў сям’і з татам і маці, здольнымі ствараць асяродзе спрыяючае іх развіццю і эмацыйнаму сталенню, адзначыў папа Францішак 17 лістапада 2014 г., падчас сустрэчы з удзельнікамі Міжнароднага калоквіюма на тэму ўзаемадапаўняльнасці паміж мужчынам і жанчынай, які праходзіць у Ватыкане. У сваёй прамове Пантыфік падкрэсліў важнасць антрапалагічнага разумення сям’і, насуперак ідэалагічнаму, якое з часам мінае. Для хрысціян, сэнс узаемадапаўняльнасці раскрываюць словы апостала Паўла аб шматлікіх дарах Святога Духа, якімі надзяляецца кожны чалавек, каб на падабенства асобнага члена мог станавіцца часткай адзінага арганізму і служыць дабру ўсіх, сказаў Папа. Узаемадапаўняльнасць тычыцца гармоніі, пакладзенай Богам ва ўсё сваё стварэнне, перакананы Святы Айцец. У тым ліку яна адносіцца да сужэнства і сям’і – “школы, у якой вучымся цаніць уласныя дары і дары іншых і дзе пачынаем знаёміцца з мастацтвам супольнага жыцця”; дзе “удыхаем” каштоўнасці і ідэалы, рэалізуем свой патэнцыял цнотаў і любові”; пераадольваем канфлікты. “Калі гаворым пра ўзаемадапаўняльнасць паміж мужчынам і жанчынай у гэтым кантэксце, мы не павінны блытаць гэта паняцце са спрошчанай ідэяй аб тым, што ўсе ролі і адносіны абодвух палоў заключаны ў адзіную і статычную сістэму. Узаемадапаўняльнасць набывае шматлікія формы, каб кожны мужчына і жанчына, рабілі ўласны ўнёсак у сужэнства і выхаванне дзяцей. Менавіта персанальнае багацце, ўласны харызмат і ўзаемадапаўняльнасць складаюць такім чынам вялікае багацце”, - сказаў Папа.

Францішак нагадаў, што сёння сужэнства і сям’я прабываюць у крызісе, які вядзе да разбуральных духоўных і матэрыяльных наступстваў для шматлікіх людзей, асабліва самых уразлівых. Заняпад культуры сужэнства звязаны з пашырэннем беднасці і цэлага шэрагу сацыяльных праблем, якія ў непрапарцыянальным памеры ўдараюць па жанчынах, дзецях і пажылых людзях. “Менавіта яны ўсё больш пакутуюць ад гэтага крызісу”, - сказаў Папа.

Святы Айцец адзначыў важнасць абароны сям’і і сужэнства, якія з’яўляюцца фундаментамі грамадства і заклікаў дапамагаць людзям, у першую чаргу моладзі, зразумець, што салідарнасць, вернасць і плённая любоў адпавядаюць самым глыбокім жаданням чалавечага сэрца.








All the contents on this site are copyrighted ©.