2014-11-14 13:39:01

Папа Францішак заклікаў бухгалтараў ставіць чалавечую годнасць вышэй за бюракратыю


RealAudioMP3 14 лістапада 2014 г. папа Францішак звярнуўся з прамовай да эканамістаў і бухгалтараў з розных краін свету, якія сабраліся ў Рыме для ўдзелу ў Сусветным кангрэсе Міжнароднай федэрацыі бухгалтараў. Пантыфік падкрэсліў, што ў сённяшнім сацыяльна-эканамічным кантэксце праблема працы стаіць вельмі актуальна. Прафесійная дзейнасць дазваляе эканамістам добра ўявіць цяжкую рэальнасць людзей, якія не маюць стабільнага заробку ці засталіся без працы, бядотнае становішча іх сем'яў, а таксама моладзі ў пошуках свайго першага працоўнага месца. Многія людзі, асабліва імігранты, змушаны працаваць “у цяні”, без элементарных юрыдычных і эканамічных гарантый.

У такіх умовах, папярэдзіў Святы Айцец, можа паўстаць моцная спакуса абараняць толькі свае ўласныя інтарэсы, не турбуючыся пра агульны дабрабыт, справядлівасць і законнасць. Таму тыя людзі, чыя прафесія звязана з функцыянаваннем эканамічнага жыцця краіны, павінны адыгрываць канструктыўную ролю, памятаць, што за кожнай паперкай стаяць чалавечыя абліччы і жыцці. На думку Папы, прафесіянал-хрысціянін павінен у малітве чэрпаць сілы для таго, каб добра выконваць свае абавязкі, а таксама каб “ісці яшчэ далей”: сутыкаючыся з чалавечымі цяжкасцямі, шукаць такія рашэнні, якія б ставілі чалавечую годнасць вышэй за бюракратыю.

Менавіта чалавек з яго годнасцю, а не грошы, павінен заўсёды быць у цэнтры ўвагі, лічыць Пантыфік. Калі грошы робяцца мэтай і прычынай кожнай справы і ініцыятывы, то ў грамадстве пачанаюць пераважаць утылітарнае бачанне і логіка дзікай пагоні за прыбыткам.

Папа заклікаў удзельнікаў кагрэса спрыяць дасягненню грамадскага і эканамічнага дабрабыту ўсяго чалавецтва, адкрываючы перад кожным чалавекам магчымасці рэалізацыі яго патэнцыялу. Пантыфік падкрэсліў неабходнасць сумленнага, справядлівага і братэрскага вырашэння праблем самых слабых і бедных. Не дастаткова даць адказы на эканамічныя пытанні, трэба стварыць і падтрымліваць эканамічную і фінансавую этыку, перакананы папа Францішак.

Напрыканцы свайго зварота Святы Айцец нагадаў пра прыродную, эканамічную, культурную і грамадскую спадчыну, якую мы абавязаны перадаць будучым пакаленням, пра неабходнасць глабалізацыі салідарнасці і справядлівасці, без якой немагчыма дасягнуць сапраўднага і даўгавечнага міру








All the contents on this site are copyrighted ©.