Каб навучыць веры
сённяшніх дзяцей і моладзь і дапамагчы ім адчуць “праўду і любоў”, дарослыя павінны
не казаць шмат словаў, але проста даваць ім прыклад, лічыць Святы Айцец. Ён узначаліў
14 лістапада 2014 г. ранішнюю Эўхарыстыю ў капліцы сваёй рэзідэнцыі, у якой прыняла
ўдзел вялікая група дзяцей і падлеткаў з рымскіх парафій. Тэма перадачы веры “лічбаваму
пакаленню” стала асноўнай у гаміліі Пантыфіка. “Хрысціянін павінен клапаціцца пра
дзяцей і перадаваць ім веру, якой жыве і якая знаходзіцца ў яго сэрцы”, - нагадаў
ён і дадаў, што самым лепшым і дарагім, што могуць даць бацькі сваім дзецям, з’яўляецца
вера. Францішак, падчас гаміліі, наладзіў дыялог з малымі вернікамі і папрасіў іх
ніколі не забывацца пра малітву.