2014-11-14 11:25:25

Ватыканскі іерарх: у падыходзе Касцёла да разведзеных нічога не змянілася


RealAudioMP3 Кангрэгацыя Веравучэння нагадала, што ў справе разведзеных, якія жывуць у новых несакрамэнтальных саюзах, нічога не змянілася. Гэта было пацверджана пасля заканчэння Сіноду Біскупаў на тэму сям’і сакратаром гэтай ватыканскай дыкастэрыі, арцыбіскупам Луісам Ладарыя. Тлумачэнне было ўдзелена ў комплексным адказе французскаму святару, які запытаўся, ці можна даць адпушчэнне грахоў падчас сакрамэнту пакаяння разведзенаму католіку, які жыве ў новым саюзе.

Абапіраючыся на вучэнне Яна Паўла II, арцыбіскуп Ладарыя падкрэсліў, што такому чалавеку не можна адмаўляць ўваходу на шлях пакаяння, які вядзе да сакрамэнтальнага пакаяння. Варта пры гэтым узяць пад увагу тры рэчы. Па-першае, праверыць сапраўднасць касцёльнага сужэнства, з поўнай павагай да праўды і з асцярожнасцю, каб не стварыць уражанне, што гаворка ідзе пра нейкі “каталіцкі развод”. Па-другое, можна таксама апцыянальна праверыць, ці пры дапамозе Божай ласкі такая асоба не можа расстацца са сваім цяперашнім партнёрам і прымірыцца з мужам. Па-трэцяе, калі па важных прычынах, напрыклад, наяўнасці дзяцей, яны не ў стане расстацца, іх варта заахвочваць, каб жылі як брат і сястра.

У любым выпадку – звяртае ўвагу арцыбіскуп Ладарыя – не можна даць адпушчэнне грахоў, калі няма сапраўднага пакаяння і пастановы выправіцца. У дадзеным выпадку, гэта азначае, што такая асоба павінна ўстрымлівацца ад дзеянняў, уласцівых выключна сужонкам, робячы для гэтага ўсё, што ў яе сілах, падкрэсліў сакратар Кангрэгацыі Веравучэння.







All the contents on this site are copyrighted ©.