2014-11-13 11:37:37

Рэгент Апостальскай Пэнітэнцыярыі пра таямніцу споведзі


RealAudioMP3 Больш за 200 удзельнікаў возьмуць удзел у канферэнцыі на тэму таямніцы споведзі, адкрыццё якой адбудзецца 13 лістапада 2014 г. у Ватыкане. У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё рэгент Апостальскай Пенітэнцыярыі кс. Кшыштаф Ныкель адзначыў, што тэма таямніцы споведзі асабліва актуальная для сучаснай – медыйнай – эпохі. Сучасны чалавек перагружаны інфармацыяй, падзеямі хронікі, ці проста стаміўся ад штодзённага выстаўлення на паказ фактаў з жыцця іншых людзей. Ён імкнецца знайсці тое месца, дзе яго б выслухалі, дзе ён мог бы раскрыць душу і пачувацца ўпэўнена і абаронена. “Ці ёсць для гэтага лепшае месца, чым спавядальня?” – пытаецца кс. Ныкель. Чалавек, які прыйшоў на споведзь, можа на сабе выпрабаваць заспакаяльны і станоўчы эфект безумоўнага прабачэння Бога і, у той жа час, мае права на абсалютную ўпэўненасць у тым, што яго споведзь назаўжды застанецца таямніцай, нават пасля яго смерці, лічыць ватыканскі іерарх.

Асноўнай прычынай страты пачуцця граху, асабліва сярод моладзі, кс. Ныкель лічыць выключэнне Бога з сучаснага культурнага гарызонту: “Многія людзі больш не ставяць Бога ў цэнтр свайго жыцця. Не прызнаюць Яго першасць. Усё можна. Усё дазволена. Маё асабістае меркаванне – праўда ў апошняй інстанцыі”. Цяжкасць, з якой сучасны чалавек прызнае грэх, тлумачыць, на думку кс. Ныкеля, і цяжкасць хрысціянскай практыкі споведзі і пакаяння. Папа Францішак не раз заклікаў вернікаў не сумнявацца ў тым, што Божая міласэрнасць большая за любы грэх, і таму ўпэўнена ісці на споведзь. “Не дастаткова папрасіць у Бога прабачэнне ва ўласных думках і ва ўласным сэрцы, трэба пакорліва і з верай прызнаць уласныя грахі перад святаром Касцёла”, – падкрэсліў Пантыфік падчас адной з аўдыенцый.








All the contents on this site are copyrighted ©.