2014-11-13 13:37:01

Новы сакратар па адносінах з дзяржавамі не ўпэўнены, што папская дыпламатыя – гэта пакліканне


RealAudioMP3 Папа Францішак прызначыў арцыбіскупа Пола Рычарда Галахера сакратаром па адносінах з дзяржавамі – гэта трэцяя па значнасці пасада ў ватыканскай дыпламатыі, эквівалентная пасадзе міністра замежных спраў. “У першую чаргу, я – святар, а ўжо потым дыпламатычны прадстаўнік Святога Айца”, - сказаў арцыбіскуп Галахер у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё, у якім ён распавёў пра свой асабісты досвед і ўнёсак ватыканскай дыпламатыі ў рашэнне праблем міжнароднай супольнасці. Ён “не ўпэўнены, што папская дыпламатычная служба з’яўляецца пакліканнем”. На яго думку, пакліканне – гэта святарства, і яго трэба дбайна захоўваць, каб зрабіць штосьці сапраўды пазітыўнае. Тым не менш, дыпламатыя можа зрабіць вялікі ўклад у інфармацыйна-камунікацыйную і прадстаўніцкую дзейнасць Касцёла, бо яна “тлумачыць” мясцовыя Касцёлы – Рыму, а Рым – мясцовым Касцёлам.

Жыццё ў розных краінах пераканала арцыбіскупа Галахера ў тым, што многія праблемы ўзаемазвязаны. Да найбольш сур’ёзных глабальных праблем ён адносіць развіццё чалавека і дзяржаў, канфлікты, беднасць і эканамічную адсталасць.

У адказ крытыкам, якія заяўляюць, што Каталіцкаму Касцёлу як рэлігійнаму інстытуту не трэба падтрымліваць палітычна-дыпламатычныя адносіны з урадамі краін свету, арцыбіскуп Галахер адказаў так: “Гэта гістарычнае пытанне, так склалася наша эвалюцыя”. Ён падкрэсліў, што свет прызнае ўклад ватыканскай дыпламатыі, дзейнасць якой заснавана не толькі на веры, але і на досведзе і гісторыі Касцёла.

Шасцідзесяцігадовы арцыбіскуп Галахер родам з Ліверпуля. Ён зойме пасаду сакратара па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі пасля больш трыццаці гадоў дыпламатычнай службы на ўсіх кантынентах. Да гэтага, ён служыў у місіях Святога Пасада ў Танзаніі, Уругваі, на Філіпінах, быў назіральнікам пры Еўрапейскім парламенце ў Страсбургу, нунцыем у Бурундзі, Гватэмале і Аўстраліі. Новы сакратар па адносінах з дзяржавамі добра знаёмы з дзейнасцю Дзяржсакратарыята Апостальскай Сталіцы, дзе ён працаваў у1995-2000 гадах разам з цяперашнім Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам. Арцыбіскуп Галахер добра валодае італьянскай, іспанскай і французскай мовамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.