2014-11-12 10:29:21

Мінск: памяць аб ахвярах вайны і малітва за мір


RealAudioMP3 Памятаць нельга забыцца – дзе паставіць коску, усе людзі добрай волі сёння ведаюць. 11 лістапала 2014 г. у Мінску ўспаміналі ахвяр Першай сусветнай вайны. У архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі адбылася міжрэлігійная малітва. А перад ёй – адмысловая св. Імша, яе ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Кожны з прадстаўнікоў канфесій і рэлігій прамовіў кароткі зварот да прысутных і ўсяго грамадства. Арцыпастыр нагадаў, што ў адным з самых шырокамаштабных кафліктаў XX стагоддзя ўдзельнічалі 33 краіны, больш за 10 мільёнаў чалавек загінулі, столькі ж сталі ахвярамі голаду. Першая сусветная вайна прынесла не толькі геаграфічныя і палітычныя, але і духоўныя змены: узніклі два рэжымы нацыянал-сацыялістычны і таталітарны камуністычны. А чалавек увогуле забыўся аб галоўным законе – любові да бліжняга, адзначыў беларускі іерарх. “Трэба памятаць аб гэтым не для таго, каб раздзіраць раны, які зацягнуліся, а для таго, каб у будучым тагога не паўтарылася. Свет адзначае 100-годдзе пачатку гэтай вайны. У Беларусі таксама ўзгадваюць гэту дату, бо тут так шмат месцаў пахаванняў ахвяр Першай сустветнай вайны. Гінулі ўсе людзі, розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў, таму вельмі важна сабрацца на супольную малітву. І яшчэ, хто мог падумаць у 1914 г., што пачнецца Першая сусветная вайна? А хто мог год таму падумаць, што пачнецца канфлікт ва Украіне? Таму мы павінны памятаць пра ўрокі той далёкай вайны”, - падкрэсліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

На супольнай малітве сабраліся прадстаўнікі хрысціянскіх канфесій Беларусі, яўрэйскіх супольнасцяў, дыпламатычнага корпуса, вернікі. Пастар лютэранскай парафіі з Гродна Уладзімір Татарнікаў узгадаў, што Першая сустветная вайна – якую ўжо даўно прызналі бессэнсоўнай – змяніла ход гісторыі, карту света, але яе вынік на доўгія гады даў зразумець – нельга ісці супраць Бога. Ці разумеюць гэта сучаснікі? – задаўся пытаннем святар. “Мы павінны памятаць, што шмат ахвяр – бязвінныя людзі, тыя, хто быў уцягнуты ў гэтую вайну без волі і жадання. Мы павінны маліцца не толькі аб воінах, але і аб бязвінных ахвярах. Мы павінны нагадваць сучаснікам, што чалавек не павінен ставіць сябе вышэй за Бога. Мы павінны памятаць, што чалавек, калі хоча дасягнуць нейкіх вышынь, не павінен ставіць сябе на месца Бога, а павінен спадзявацца на яго міласэрнасць і любоў”, - адзначыў пастар.

Супольная малітва адбылася незвычайна, у аўторак – 11 лістапада прынята лічыць днём заканчэння крывавай вайны. Увогуле 2014 г. ва ўсім свеце праходзіць пад знакам успаміну гэтага канфлікту, які пачаўся сто гадоў таму. Пасол Германіі ў Беларусі Вольфрам Маас нагадаў, што ў гэтым годзе адзначаецца таксама другая важная дата – 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і, што важна для Германіі, 25-годдзе падзення Берлінскай сцяны. Аб тым, што зло і перашкоды не вечныя, казалі ў тым ліку і іншыя госці, а яшчэ аб тым, што многіх з гэтых з’яваў можна ў свой час пазбегнуць. А ў гэтым імкненні да міру вялікая роля належыць Касцёлу, лічыць дыпламат. “Вельмі важна тое, што прадстаўнікі хрысціянскіх канфесій разам збіраюцца на такую малітву. Але, на жаль, як паказвае рэальнасць, сёння ў Еўропе, мір для нас – гэта нейкая рэч са шкла, такая далікатная, якая ў адзін момант можа разбіцца”, - сказаў у інтэрвью Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё Вольфрам Маас.

Напрыканцы міжрэлігійнай малітвы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў прадстаўнікам духавенства і гасцям за ўдзел, і ўсім прысутным пажадаў, каб імкненне да міру стала для кожнага галоўнай інтэнцыяй.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.