2014-11-11 11:06:04

Пантыфік стварыў новую Калегію, якая зоймецца сур’ёзнымі кананічнымі злачынствамі


RealAudioMP3 Папа ўстанавіў у рамках Кагрэгацыі Веравучэння спецыяльную Калегію з кардыналаў і біскупаў, якая будзе займацца кананічнымі злачынствамі больш сур’ёзнай натуры, якія былі здзейнены супраць маралі або адносяцца да надужыванняў у здзяйсненні сакрамэнтаў, аб якіх гаворыцца ў 1-6 параграфах Апостальскага ліста Яна Паўла ІІ “Sacramentorum Sanctitatis Tutela”. У спецыяльным рэскрыпце Францішка гаворыцца, што новая Калегія будзе складацца з сямі кардыналаў і біскупаў і яе ўзначаліць старшыня. Усе яны будуць прызначацца непасрэдна Святым Айцом. Новы орган будзе кіравацца ў сваёй дзейнасці спецыяльна распрацаваным Рэгламентам. Рашэнне аб стварэнні Калегіі ўступіла ў сілу 11 лістапада 2014 г., з моманту апублікавання папскага дэкрэту ў ватыканскай газеце “L’Osservatore Romano”.

У Рэскрыпце гаворыцца, што прычынай рашэння Пантыфіка стала вялікая колькасць зваротаў, што надыходзяць у Кангрэгацыю Веравучэння, і неабходнасць забеспячэння больш хуткага разгляду такога роду спраў.

Кананічныя правапарушэнні, зарэзерваваныя выключна для разгляду Кангрэгацыяй Веравучэння, датычаць чынаў, скіраваных супраць святасці Найсвяцейшага Сакрамэнту, сакрамэнту Эўхарыстыі і сакрамэнту пакаяння. Таксама да кампетэнцыі ватыканскай дыкастэрыі адносяцца сур’ёзныя злачынствы супраць маральнасці, напрыклад, злачынства супраць шостай запаведзі Дэкалогу, здзейсненае святаром з асобай у непаўналетнім узросце да васямнаццацi гадоў.







All the contents on this site are copyrighted ©.