2014-11-09 11:55:06

Ватыканскі кардынал падзяліўся ўспамінамі пра падзенне Берлінскай сцяны


RealAudioMP3 З нагоды святкавання 25-годдзя падзення Берлінскай сцяны, кульмінацыя якога выпадае на 9 лістапада 2014 г., сваімі ўспамінамі аб гэтай падзеі падзяліўся кардынал Жан-Луі Таран, тагачасны падсакратар па адносінах з дзяржавамі Апостальскай Сталіцы. “Ян Павел ІІ заўсёды казаў, што камуністычная сістэма была падарванай знутры і што аднойчы яна павінна была разваліцца. Але ніхто не мог сабе ўявіць, што гэта можа адбыцца так хутка і тым больш без кровапраліцця”, - сказаў ватыканскі пурпурат. На яго думку, першае непаразуменне прынёс 1978 г., а менавіта магчымасць абрання арцыбіскупа Кракаўскага Пантыфікам. Тады стала больш зразумелым, што камуністычная сістэма больш не функцыянуе, падзяліўся пурпурат. Пачатак падзенню Берлінскай сцяны, на яго думку, далі тры элементы: атмасфера прынесеная Хельсінскімі пагадненнямі і абранне двух галоўных дзеячаў гісторыі таго часу: Яна Паўла ІІ і Міхаіла Гарбачова.

Праз месяц пасля падзення Берлінскай сцяны, савецкі лідэр упершыню прыбыў у Ватыкан і сустрэўся з Папам. Успамінаючы пра гэту падзею, кардынал Таран, узгадаў словы Яна Паўла ІІ, аб тым, што Гарбачоў – “чалавек савецкага свету, але які думае сучаснымі паняццямі”. Перад сустрэчай з ім, Пантыфік часта чытаў Новы Запавет на рускай мове. Падчас аўдыенцыі, ён размаўляў па-польску, а Гарбачоў па-руску і яны добра разумелі адзін аднаго, распавёў кардынал Таран.

Гаворачы пра сваё дыпламатычнае служэнне ў 1980-я гг. пурпурат адзначыў, што заўсёды быў уражаны адвагай біскупаў і святароў, зняволеных і падвергнутых катаванням. “Я думаю, што кожнае стагоддзе мае сваіх мучанікаў. Думаю таксама, што самай вялікай ілюзіяй з’яўляецца меркаванне аб магчымасці “моднага хрысціянства”, якое б падабалася ўсім”, - адзначыў былы ватыканскі дыпламат.








All the contents on this site are copyrighted ©.