2014-11-08 15:10:21

Пантыфік сустрэўся з дарослымі каталіцкімі скаўтамі


RealAudioMP3 Каля 7 тыс. членаў Руху дарослых каталіцкіх скаўтаў Італіі прынялі ўдзел у сустрэчы з папам Францішкам у ватыканскай Зале Паўла VI 8 лістапада 2014 г. Святы Айцец звярнуў увагу сваіх гасцей на некаторыя аспекты, звязаныя сямейным выхаваннем, клопатам аб прыродзе і іх ролі ў жыцці сучасных гарадоў. “Для руху, як ваш, заснаванага на сістэматычным выхаванні і адукацыйным выбары, важна сцвярджаць, што выхаванне ў сям’і з’яўляецца прыярытэтным выбарам. Для вас, хрысціянскія бацькі, адукацыйная місія мае сваю крыніцу ў сакрамэнце сужэнства, для якога выхаванне дзяцей уяўляе сапраўднае і адмысловае служэнне ў Касцёле”, - сказаў Папа. Адносіны скаўтаў да прыроды, паводле Святога Айца, не павінны абмяжоўвацца толькі павагай да яе, але спрыяць спыненню марнавання дабротаў, якія яшчэ магчыма выкарыстаць або перадаць тым, хто мае ў іх патрэбу.

Гаворачы пра прысутнасць дарослых скаўтаў у жыцці сучасных гарадоў, Пантыфік адзначыў важнасць простага і пакорнага сведчання любові Езуса да кожнага чалавека, выкарыстання новых шляхоў евангелізацыі, прабывання ў вернасці Хрысту і чалавеку, які часта “перажывае складаныя сітуацыі, рызыкуе згубіцца, страціць здольнасць бачання гарызонту, адчування прысутнасці Бога”. Сапраўдным компасам, які можна прапанаваць гэтым людзям, з’яўляецца сардэчная блізкасць, заснаваная на сувязі з Богам, лічыць Папа.

Рух дарослых каталіцкіх скаўтаў Італіі быў заснаваны ў 1954 г. італьянскім выхаваўцам і грамадскім дзеячам Марыё Маца. На сённяшні дзень у шэрагах асацыяцыі каля 7 тыс. чалавек.








All the contents on this site are copyrighted ©.