2014-11-06 14:41:16

Святы Айцец сустрэўся з дэлегацыяй Сусветнага евангелічнага альянсу


RealAudioMP3 Папа Францішак прыняў 6 лістапада 2014 г. у Ватыкане дэлегацыю Сусветнага евангелічнага альянсу. Звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы, Святы Айцец казаў пра агульнасць веры і надзеі, а таксама пра хрост як неацэнны Боскі дар, які яднае ўсіх хрысціян. “Таямніца хросту нагадвае нам пра фундаментальную і вельмі суцяшальную праўду: Бог заўсёды папярэднічае нам у любові і літасці. Ён ідзе наперадзе нашых супольнасцяў: апярэджвае і рыхтуе сэрцы тых, хто абвяшчае і прымае Евангелле, - сказаў Пантыфік. - Прапанова Евангелля не вычэрпваецца толькі нашымі асабістымі адносінамі з Богам. Таксама як і наш адказ не павінен быць простай сумай маленькіх асабістых жэстаў у адносінах да тых, хто ў нястачы, учынкаў, якія здзяйсняюцца толькі дзеля таго, каб супакоіць уласнае сумленне. Евангелле прапануе нам Божае Валадарства. Гаворка ідзе пра тое, каб любіць Бога, Які валадарыць у свеце. Божае Валадарства заўсёды папярэднічае нам. Гэтак жа як нам папярэднічае і таямніца адзінства Касцёла”.

На думку Святога Айца, эфектыўнасць евангелізацыі была б значна вышэйшай, калі б хрысціяне пераадолелі падзелы і змаглі б разам пашыраць Божае слова ў свеце. “Падзелы паміж хрысціянамі існавалі з самага пачатку. На жаль, канфлікты і суперніцтва працягваюцца паміж нашымі супольнасцямі і сёння. Гэта змяншае нашу здольнасць выконваць запавет Пана – несці Евангелле ўсім народам”, – перасцярог папа Францішак.

Пантыфік выказаў задавальненне ў сувязі з тым, што католікі і лютэране розных краін змаглі ўсталяваць адносіны братэрства і супрацоўніцтва. Супольныя высілкі Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству і Тэалагічнай камісіі Сусветнага евангелічнага альянсу адкрылі новыя перспектывы і паказалі шлях пераадолення непаразуменняў. Папа выказаў спадзяванне на адкрыццё новага этапу ў адносінах паміж католікамі і лютэранамі, які дазволіў бы цалкам рэалізаваць жаданне Пана: несці Евангелле ў самыя далёкія куткі планеты.








All the contents on this site are copyrighted ©.