2014-11-06 11:13:32

Папа памоліцца перад Турынскай плашчаніцай і ўшануе памяць св. Яна Боска


RealAudioMP3 21 чэрвеня 2015 г. папа Францішак наведае італьянскі Турын, каб памаліцца перад знакамітай Турынскай плашчаніцай і ўшанаваць памяць ураджэнца гэтай зямлі, св. Яна Боска, з нагоды 200-годдзя з дня яго нараджэння. Аб гэтым Пантыфік абвясціў асабіста на заканчэнне агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 5 лістапада 2014 г. Выстаўленне славутай рэліквіі для публічнага ўшанавання вернікамі будзе адбывацца ў рамках святкаванння юбілею італьянскага святога, з 19 красавіка па 24 чэрвеня 2015 г. Апошні раз Турынская плашчаніца выстаўлялася для публічнага ўшанавання вясной 2010 г. У яе адарацыі прынялі ўдзел больш за 2 млн. чалавек, сярод якіх быў таксама папа Бэнэдыкт XVI. Францішак, яшчэ не наведваў Турын, але прымаў удзел у відэаадарацыі перад славутай рэліквіяй, якая праводзілася ў Вялікую суботу 30 сакавіка 2013 г. праз каналы італьянскага тэлебачання “Rai”.

Тады Святы Айцец звярнуўся да вернікаў з адмысловай прамовай, у якой адзначыў каштоўнасць Турынскай плашчаніцы – рэліквіі, якая “прамаўляе да нашага сэрца і падштурхоўвае ўзысці на гару Кальварыю, глядзець на дрэва крыжа і пагрузіцца ў красамоўнае маўчанне любові”. “Дазволім гэтаму позірку, скіраванаму не ў нашы вочы, а ў сэрца, дасягнуць нас. Паслухаем тое, што ён хоча сказаць нам, у маўчанні, пераходзячы праз саму смерць”, - заклікаў у той час у сваім звароце Пантыфік.

У сувязі з вялікай колькасцю пілігрымаў, якія прыбудуць з усяго свету, каб ушанаваць Турынскую плашчаніцу, абавязковай з’яўляецца папярэдняя рэгістрацыя. У рамках выстаўлення рэліквіі прадугледжаны шэраг ініцыятыў на карысць моладзі, хворых і людзей з абмежаванымі магчымасцямі.








All the contents on this site are copyrighted ©.