Пантыфік зацвердзіў Палажэнні аб адстаўцы дыяцэзіяльных біскупаў
Святы Айцец Францішак
3 лістапада 2014 г. падчас аўдыенцыі для кардынала Дзяржсакратара ухваліў Палажэнні
аб адстаўцы дыяцэзіяльных біскупаў і службовых асоб, прызначаных Папам. Засталася
нязменнай норма адносна прапановы біскупу прадставіць просьбу аб адстаўцы пасля дасягнення
ім сямідзесяціпяцігадовага ўзросту. Яна ўступае ў сілу толькі з моманту ўхвалення
законнай уладай. Прычым, з прыняццем адстаўкі асоба зыходзіць з усіх іншых пасад на
нацыянальным узроўні.
У дакуменце ўзгадваюцца выпадкі, калі біскупы, якія
не дасягнулі сямідзесяціпяцігадовага ўзросту, па прычыне хваробы або па іншых сур’ёзных
прычынах, адмаўляюцца ад пасады пастыра. “У такой сітуацыі, вернікі закліканы прадэманстраваць
салідарнасць і разуменне для тых, хто быў іх пастырам, дапамагаючы ім у адпаведнасці
з патрабаваннямі міласэрнасці і справядлівасці, згодна з канонам 402 § 2 Кодэксу кананічнага
права”, - гаворыцца ў 4 пункце Палажэнняў. У некаторых выпадках кампетэнтная ўлада
можа палічыць неабходным папрасіць біскупа прадставіць сваю адстаўку з пасады пастыра
пасля вывучэння матываў такой неабходнасці і ўважлівага азнаямлення з довадамі самаго
іерарха, у братэрскім дыялогу.
Асобным пунктам у дакуменце ўзгадваюцца кардыналы,
якія з’яўляюцца кіраўнікамі дыкастэрый Рымскай курыі. Яны таксама павінны скласці
просьбу аб сваёй адстаўцы пасля дасягнення сямідзесяціпяцігадовага ўзросту. Таксама
кіраўнікі дыкастэрый Рымскай курыі, якія не з’яўляюцца кардыналамі, сакратары і біскупы,
якія займалі іншыя пасады з папскага прызначэння, губляюць іх пасля дасягнення сямідзесяціпяцігадовага
ўзросту. З членамі ватыканскіх дыкастэрый адбываецца тое ж пасля дасягнення імі васьмідзесяці
гадоў. Прычым, апошнія не абавязкова павінны знаходзіцца на сваёй пасадзе з папскага
прызначэння.
Палажэнні ўступілі ў сілу 5 лістапада 2014 г. пасля публікацыі
ў “L’Osservatore Romano”, а, затым, у афіцыйным каментары “Acta Apostolicae Sedis”.
Яны былі складзены ў адпаведнасці з рэкамендацыямі Рады кардыналаў для дапамогі Пантыфіку
ў кіраванні Касцёлам і падрыхтоўцы рэформы Рымскай курыі.