2014-11-02 12:55:18

Святы Пасад зацвердзіў новую Канстытуцыю Легіянераў Хрыста


RealAudioMP3 Кангрэгацыя па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця зацвердзіла 16 кастрычніка 2014 г. новую Канстытуцыю манаскай супольнасці Легіянераў Хрыста. Дакумент ужо ўступіў у сілу. Аб гэтым стала вядома 1 лістапада 2014 г. У спецыяльным паведамленні члены супольнасці выказалі сваю падзяку Бэнэдыкту XVI і Францішку, а таксама папскаму дэлегату, кардыналу Веласіа дэ Паолісу, за чатырохгадовы працэс абнаўлення. Яго мэтай быў пошук харызмату кангрэгацыі, спрашчэнне нормаў, забеспячэнне ажыццяўлення ў ёй паўнамоцтваў у адпаведнасці з Кананічным правам, а таксама фарміраванне ўсіх яе членаў да адказнасці.

Новая Канстытуцыя значна карацейшая за папярэднюю і налічвае толькі 235 артыкулаў, замест 872. Іспанскі тэкст складае 110 старонак. Апостальская місія супольнасці заснавана на навучанні Яна Паўла II з адгартацыі “Vita consecrata”. Структура кіравання была больш адаптавана да Кодэксу кананічнага права. У дакуменце гарантуецца свабода сумлення праз вольны доступ да духоўных кіраўнікоў і спаведнікоў, якімі не павінны быць настаяцелі. Канстытуцыя дае толькі агульнае ўяўленне аб пашане адносна жанчын, дзяцей і падлеткаў. У паведамленні адзначаецца, аднак, што нядаўна былі выдадзены іншыя больш падрабязныя дакументы кангрэгацыі аб прадухіленні злоўжыванняў у гэтай сферы.

Новыя правілы з’яўляюцца юрыдычным тэкстам, таму не звяртаюцца да жыцця заснавальніка Легіянераў Хрыста. Аўтары паведамлення нагадваюць, аднак, што ў выказваннях Святога Пасаду выразна аддзяляецца харызмат супольнасці ад амаральных учынкаў, якія здзейсніў памерлы ў 2008 г. кс. Марсіаль Масьель.







All the contents on this site are copyrighted ©.