2014-11-02 12:34:53

Святы Айцец: чалавек у стане прычыніць Зямлі больш шкоды, чым хто небудзь іншы


RealAudioMP3 Папа Францішак падтрымаў традыцыю, распачатую св. Янам Паўлам ІІ, і ўзначаліў 1 лістапада 2014 г. вечарам Эўхарыстыю на рымскіх могілках “Campo Verano”. Перад пачаткам св. Імшы ён прагледзеў фатаграфіі, якія дэмантруюць наступствы бамбаванняў Рыма 71 год таму. “Гэта было жудасна, столькі пакут, але гэта нішто ў параўнанні з тым, што адбываецца сёння”, - сказаў Пантыфік падчас гаміліі. Ён засяродзіўся на першым чытанні з кнігі Апакаліпсісу. “Калі я слухаў у першым чытанні Анёла, што ўсклікнуў гучным голасам да іншых анёлаў, якім была дадзена ўлада нанесці шкоду зямлі і мору, я падумаў, што мы ў стане прычыніць Зямлі больш шкоды, чым анёлы”, - сказаў Папа і дадаў, што сённяшні чалавек на самой справе гэта робіць. “Мы наносім шкоду тварэнню, жыццю, культуры, каштоўнасцям, надзеі. І наколькі нам патрэбна моц Пана Бога, каб Ён запячатаў нас сваёй любоўю і сілай, каб спыніць гэты вар’яцкі разбуральны запал”.

У гэтым кантэксце, Францішак нагадаў пра зверствы вайны, пра ўсю разбуральную сістэму і культуру адчужэння. Кажучы пра апакаліптычны вобраз вялікага натоўпу, Папа нагадаў пра тых, хто ў сучасным свеце дасведчаны пераследам. Менавіта беднякі сёння плоцяць за тое, што невялікая група людзей завалодала тварэннем. “Гэта не нейкая старажытная гісторыя. Гэта адбываецца сёння”, - звярнуў увагу Святы Айцец.

Ён адзначыў, што сёння большасць чалавецтва адчувае прыгнёт, але нашай надзяеяй з’яўляецца Бог, Які асвячае нас праз гэты ціск. Мы, як Касцёл, павінны жыць благаслаўленнямі. Толькі гэты шлях вядзе да Бога і выратуе нас ад знішчэння, падкрэсліў Святы Айцец.







All the contents on this site are copyrighted ©.