2014-10-30 13:46:54

Сікстынская капэла заззяла новым святлом


RealAudioMP3 З 30 кастрычніка 2014 г. наведвальнікі Ватыканскіх музеяў могуць бачыць старажытныя мастацкія шэдэўры Сікстынскай капэлы ў абсалютна новым святле. Пасля трох гадоў працы, даследванняў і мантажа, у Ватыкане адбылася прэзентацыя новай высокатэхналагічнай сістэмы асвятлення і кандыцыянавання паветра, устаноўленай у старажытнай святыні пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза. У ілюмінацыі Сікстынскай капэлы задзейнічаны 7000 святлодыёдных лямпачак, якія дапамагаюць па новаму ўбачыць “Апошні суд” Мікеланджэла і фрэскі іншых вялікіх мастакоў, што ўпрыгожваюць знакамітую капэлу. Новае асвятленне дазваляе не толькі найлепей разглядзець дэталі маляўнічай столі, але і ашчадзіць да 60 % электраэнергіі. Для асабліва важных падзей прадугледжана магчымасць урачыстага асвятлення. Адначасова ў капэле была ўсталявана новая сістэма кандыцыянавання паветра, якая дазваляе падтрымліваць тэмпературу на ўзроўні 20-25 градусаў, а вільготнасць – 50-60 %.

“Фрэскі Мікеланджэла і іншых вялікіх мастакоў падзякуюць нам за гэтыя высілкі”, – адзначыў дырэктар Ватыканскіх музеяў Антоніа Паолуччы, звяртаючыся да прадстаўнікоў міжнароднай прэсы, якія ўдзельнічалі ў прэзентыцыі. Новыя сістэмы кандыцыянавання паветра і асвятлення будуць спрыяць лепшаму захаванню старажытных фрэсак і захаваюць іх ад пашкоджанняў часам і знешнімі фактарамі.

Дата адкрыцця Сікстынскай капэлы, пасля мантажу новага абсталявання, была выбрана невыпадкова. Менавіта 30 кастрычніка ў 1512 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё святыні. Акрамя таго, сёлета адзначаецца 450-годдзе са смерці Мікеланджэла і 20-я гадавіна буйной рэстаўрацыі фрэсак вялікага мастака.







All the contents on this site are copyrighted ©.