30 кастрычніка 2014
г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі членаў Канферэнцыі старакаталіцкіх епіскапаў
Утрэхцкай уніі – кіраўнічага органа аб’яднання незалежных нацыянальных старакаталіцкіх
Цэркваў. Звяртаючыся да іерархаў, Святы Айцец адзначыў важнасць працягу экуменічнага
дыялогу, узаемнага прабачэння і супрацоўніцтва на карысць распаўсюджвання веры і хрысціянскіх
каштоўнасцяў "у разгубленнай Еўропе". Пантыфік падкрэсліў, што нягледзячы на крокі
ў накірунку адзінства, паміж Касцёлам і Цэрквамі ўзнікаюць усё новыя рознагалосіі.
“Эклезіялагічныя і тэалагічныя пытанні, якія спадарожнічалі нашаму падзелу сёння яшчэ
складаней пераадоліць па прычыне нашай ўсё большай аддалёнасці ў тэмах, якія тычацца
служэння і этычнай праніклівасці”, - сказаў Папа.
На думку Францішка, выклікі
для католікаў і старакатолікаў тычацца працягу тэалагічнага дыялогу, супольнай малітвы
і працы ў духу навяртання да ўсяго таго, што Хрыстус жадае для свайго Касцёла. “У
нашым падзеле, з абодвух бакоў, былі цяжкія грахі і чалавечыя слабасці. У духу ўзаемнага
прабачэння і пакорнага пакаяння, зараз мы маем патрэбу ва ўмацаванні нашага жадання
прымірэння і супакою. Шлях да адзінства пачынаецца з перамены сэрца, з унутранага
навяртання. Гэта духоўнае падарожжа ад сустрэчы да сяброўства, ад сяброўства да братэрства,
ад братэрства да адзінства. На шляху, перамена – непазбежная. Мы павінны быць заўсёды
гатовымі слухаць і выконваць парады Духа, які нас вядзе да поўнай праўды”, - сказаў
Папа.
Францішак нагадаў, што католікі і старакатолікі могуць супрацоўнічаць
паміж сабой, спрабуючы разам адказаць на глыбокі духоўны крызіс, які ўдарае па асобам
і грамадствам. “Існуе прага Бога. Існуе глыбокае жаданне пазнаць сэнс жыцця. Існуе
тэрміновая патрэба ў пераканаўчым сведчанні праўды і каштоўнасцяў Евангелля. У гэтым
мы можам падтрымліваць і натхняць адно аднаго, асабліва на ўзроўні парафій і мясцовых
супольнасцяў. Душа экуменізму заключаецца ў “навяртанні сэрца” і “жыццёвай святасці,
разам з асабістай і публічнай малітвай аб еднасці хрысціян”. Молячыся адно за аднаго
і адно з адным, нашы адметнасці будуць узняты і пераадолены ў вернасці Пану і Яго
Евангеллю”, - сказаў Папа.
У склад Утрэхцкай уніі старакаталіцкіх Цэркваў
уваходзяць Хрысціянска-каталіцкай Царква Швейцарыі, Польска-каталіцкая Царква, Аўстрыйская,
Галандская, Германская і Чэшская старакаталіцкія Цэрквы. Асацыяцыя была створана ў
1889 г., часткай каталіцкага духавенства непрыняўшага рашэнняў І Ватыканскага Сабора.