2014-10-28 10:38:06

Святы Айцец прывітаў членаў Міжнароднай асацыяцыі экзарцыстаў


RealAudioMP3 Экзарцысты, “праз асаблівае служэнне, у адзінстве са сваімі біскупамі”, павінны сведчыць аб “любові і адкрытасці Касцёла да тых, хто пакутуе з прычыны дзейнасці злога”, напісаў папа Францішак у пасланні да старшыні Міжнароднай асацыяцыі экзарцыстаў айца Франчэска Бамонтэ з нагоды першай сустрэчы членаў гэтага аб’яднання, пасля яго кананічнага прызнання Апостальскай Сталіцай ў чэрвені 2014 г. У форуме на тэму распаўсюджвання і наступстваў акультызму, сатанізму і эзатэрызму прымаюць удзел каля 300 экзарцыстаў з усяго свету. Колькасць людзей, якія паддаюцца ўплыву гэтых практык, з іх цяжкімі сацыяльнымі, псіхалагічнымі, духоўнымі і маральнымі наступствамі, з кожным годам павялічваецца, распавёў Ватыканскаму радыё прэс-сакратар Міжнароднай асацыяцыі экзарцыстаў, італьянскі псіхіатр Вальтэр Кашолі. Паводле спецыяліста, хвалючым з’яўляецца таксама павелічэнне дэманічных удзеянняў.

“Часам, звычайная дэманічная дзейнасць – спакушэнне – не разглядаецца сур’ёзна тымі, хто мае “цёплую” веру. Мы, як раз, заклікаем да большай пільнасці. Зараз мы жывем у асабліва крытычны гістарычны момант, дзе паспешлівасць, павярхоўнасць, злосны індывідуалізм, секулярызацыя, здаецца пануюць над нашым грамадствам. Барацьба са злым і сатаной становіцца ўсё больш тэрміновай. Акрамя непасрэднай дзейнасці ворага Божага, прычына гэтага заключаецца таксама ў паслабленні веры, у адсутнасці нормаў – гэта значыць, адсутнасці каштоўнасцяў, амаль нястрымным культурным рэлятывізме”, - сказаў прадстаўнік Міжнароднай асацыяцыі экзарцыстаў.

Паводле навукоўцы, маладыя пакаленні пачынаюць цікавіцца акультызмам і сатанізмам, а часам практыкаваць іх, трапляючы пад уплыў некаторых медыйных пасланняў, кніг, тэлевізійных праграм і фільмаў. Сатана намагаецца зрабіць так, каб людзі не верылі ў яго існаванне і ў гэтым, на думку доктара Вальтэра Кашолі, дапамагае сённяшняя секулярызаваная культура.








All the contents on this site are copyrighted ©.