2014-10-28 15:16:23

Пантыфік: быць на баку бедных – гэта Евангелле, а не камунізм


RealAudioMP3 Быць на баку бедных – гэта Евангелле, а не камунізм, адзначыў папа Францішак падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў Сусветнай сустрэчы народных рухаў – форума, арганізаванага ў Ватыкане для прадстаўнікоў аб’яднанняў бедных рабочых і сялян, людзей не маючых зямлі і даху над галавой, карэнных народаў Лацінскай Амерыкі, вымушаных жыць і працаваць на перыферыях грамадства, а таксама бараніць ўласныя інтарэсы кансалідуючыся ў народныя рухі, не маючы права на арганізацыю традыцыйных прафсаюзаў. Папа Францішак, будучы арцыбіскупам Буэнас-Айрэса, падтрымліваў блізкія адносіны з народнымі рухамі ў Аргентыне і клапаціўся аб іх душпастрыстве. Такім чынам, тэмы звязаныя з іх марамі, прагненнямі і праблемамі не былі для яго новымі. У сваёй прамове Францішак выказаў падтрымку бедным і маргіналізаваным і асудзіў сацыяльныя дысбалансы створаныя “глабалізацыяй абыякавасці”, эгаізмам і прагай нажывы.

“Зямля, дах, праца. Дзіўна, але калі кажу пра гэтыя рэчы камусьці можа падавацца, што Папа з’яўляецца камуністам. Не ўсведамляюць, што любоў да бедных знаходзіцца ў цэнтры Евангелля”, - сказаў Пантыфік. Зямля, дах над галавой і праца – гэта “сакральныя правы” чалавека, падкрэсліў ён. Францішак асудзіў фінансавыя спекуляцыі на прадуктах харчавання ў той час, калі мільёны людзей паміраюць ад голада, а гаворачы пра жыццё сучасных вялікіх гарадоў – падверг крытыцы стварэнне “шматлікіх месцаў” для шчаслівых меншасцяў, у той час, як не маюць дамоў “тысячы нашых блізкіх, уключаючы дзяцей”.

“Не існуе матэрыяльнай беднасці горшай за тую, якая не дазваляе зарабляць на хлеб і пазбаўляе годнасці працы”, сказаў Папа. Ён нагадаў пра праблему беспрацоўя сярод моладзі, якая з’яўляецца вынікам эканамічнай сістэмы ў якой даброты ставяцца вышэй за чалавека; выкіданне на ўзбочыну жыцця дзяцей і пажылых людзей; выказаў падтрымку катэгорыям працаўнікоў, якім забараняецца аб’ядноўвацца ў прафсаюзы. “Сёння хачу далучыць мой голас да вашага і суправаджаць вас у вашай барацьбе”, - сказаў Пантыфік.

Францішак асудзіў таксама злоўжыванне экалогіяй, вырубку лясоў, якая праз прыродныя катаклізмы прыводзіць да пакутаў мільёнаў людзей. Ён нагадаў, што рыхтуе энцыкліку прысвечаную экалагічным праблемам і запэўніў, што турботы членаў “народных рухаў” будуць у ёй улічаны.

На заканчэнне аўдыенцыі Святы Айцец пажадаў, каб не было сем’яў – без дамоў; сялян – без зямлі; рабочых – без правоў і людзей без годнасці, якую дае праца.








All the contents on this site are copyrighted ©.