2014-10-27 11:31:23

Пантыфік адзначыў веліч Бэнэдыкта XVI і нагадаў пра адказнасць чалавека за прыроду


RealAudioMP3 Папа Францішак прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця скульптурнага бюста Бэнэдыкта XVI, 27 кастрычніка 2014 г. Ён быў устаноўлены ў Папскай акадэміі навук на знак пашаны да Пантыфіка на пенсіі і яго ўкладу ў развіццё навукі. “Бэнэдыкт XVI – вялікі Папа. Вялікі дзякуючы сіле і праніклівасці свайго розуму, дзякуючы свайму значнаму ўкладу ў тэалогію, сваёй любові да Касцёла і людзей, сваім цнотам і рэлігійнасці”, сказаў падчас цырымоніі Святы Айцец. У мерапрыемстве прынялі ўдзел шматлікія ватыканскія іерархі і навукоўцы, сярод якіх Нобелеўскія лаўрэаты, якія з’яўляюцца членамі Папскай акадэміі навук. Францішак нагадаў, што Бэнэдыкт XVI глыбока ўсведамляў “важнасць навукі для сучаснай культуры”. “Ніколі нельга казаць, што вучоба і навука асушылі яго асобу і яго любоў да Бога і бліжняга, але наадварот, навука, мудрасць і малітва абагацілі яго сэрца і дух”, - сказаў Святы Айцец.

Цырымонія адкрыцця бюста Пантыфіку на пенсіі прайшла ў рамках заканчэння штогадовай пленарнай сесіі Папскай акадэміі навук, прысвечанай тэме эвалюцыі і прыроды. У сувязі з гэтым папа Францішак нагадаў пра рызыку разумення Бога ў якасці “чараўніка, які з дапамогай чароўнай палачкі здольны ствараць усе рэчы”. Бог, ствараючы істоты, надзяляў іх унутраным законам, паводле якога могуць развівацца і дасягаць сваёй поўні, сказаў Папа. Тэорыя “вялікага выбуху”, на яго думку, не супярэчыць боскаму творчаму ўмяшанню “таму што эвалюцыя прадугледжвае стварэнне істотаў, якія эвалюцыянуюць”.

Чалавек, быў надзелены поўнай свабодай і адказнасцю за стварэнне, адзначыў Пантыфік. Таму навукоўцы, асабліва хрысціянскія, пакліканы клапаціцца аб будучыні чалавецтва і зямлі, бараніць іх і ліквідаваць пагрозы, давяраць схаванаму ў эвалюцыйных механізмах патэнцыялу прыроды і дапамагаць спаўненню Божай задумы: будаванню света, добрага для цялеснага і духоўнага жыцця; свету для ўсіх людзей, а не толькі для прывелеяваных груп або класаў, лічыць Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.