2014-10-25 12:09:50

Удзельнік Сінода: праблема з перадачай веры ў сям’і становіцца глабальнай


RealAudioMP3 Кардынал Крыстаф Шонборн лічыць, што падчас ІІІ Надзвычайнай сесіі Сінода Біскупаў увага звярталася ў большай меры на праблемы сужэнскіх пар, а не сем’яў. “Шмат казалася пра пары, сакрамэнт сужэнства, але мала пра чалавечую, сацыяльную, культурную рэальнасць сям’і... бацькоў, сыноў, бабуль і дзядуль – усю сетку, якая складае сям’ю”, - сказаў ён ў інтэрв’ю інтэрнэт-парталу www.rossoporpora.org. “У наш час ёсць праблема, асабліва на Захадзе: мы шмат гаворым супраць індывідуалізма, але самі таксама жывем ім, унутры сябе. Існуе тэндэнцыя бачыць пару, толькі з яе некаторымі вузкімі праблемамі. Падчас Сінода было звернута мала ўвагі на праблемы звязаныя з працай, эканамічнай сітуацыяй сем’яў, важнасцю плённага ўзаемнага абмену паміж пакаленнямі. Папа часта нагадвае пра бабуль і дзядуль – запрашаў іх на плошчу св. Пятра. Гэта паказвае, што сям’я складаецца не толькі з бацькоў і дзяцей, але прынамсі з трох-чатырох пакаленняў”, - сказаў ён.

На думку пурпурата падчас Сінода Біскупаў увага была засяроджана на некаторых вузкіх тэмах. Напрыклад шырока абмяркоўвалася магчымасць удзялення св. Камуніі для разведзеных, якія ўступілі ў несакраментальныя саюзы, але зусім не ішла гаворка пра разбурэнне сувязі паміж сем’ямі, якая адбываецца ў выніку распаду сужэнства. “Развод ударае не толькі па пары, але ў першую чаргу па дзецям і ўсёй сямейнай сетцы”, нагадаў ён.

Кардынал Шонборн лічыць, што пра пытанні перадачы веры ў сям’і падчас Сінода казалася недастаткова. “У той жа час існуе шмат бацькоў, якія пакутуюць па прычыне таго, што не могуць перадаць веру сваім дзецям. Гэта праблема вельмі распаўсюджаная на Захадзе, і не толькі. Я размаўляў на гэту тэму таксама з мусульманамі і пераканаўся, што і яны маюць цяжкасці ў гэтай сферы. Гэта выклік, які становіцца глабальным”, - адзначыў аўстрыйскі пурпурат.

Кардынал Шонборн лічыць важным правядзенне Сінода Біскупаў менавіта на тэму сям’і, асабліва ў актуальны перыяд, калі здзейсняецца шмат нападаў на гэты інстытут. “Паставіць сям’ю, а не толькі пару ў цэнтр увагі ўсяго Касцёла – гэта заданне, фундаментальны выклік для будучыні нашага грамадства”, адзначыў ён.








All the contents on this site are copyrighted ©.