2014-10-23 12:33:01

Кардынал Кох: падарожжа Папы ў Турцыю паспрыяе экуменічнаму дыялогу


RealAudioMP3 Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох выказаў спадзяванне, што візіт папы Францішка ў Турцыю будзе спрыяць ўмацаванню каталіцка-праваслаўных адносінаў. Падарожжа адбудзецца 28-30 лістапада 2014 г. па запрашэнні Канстантынопальскага Патрыярха Барталамея I з нагоды свята св. Андрэя, апекуна усходняга хрысціянства. У інтэрв’ю агенцтву “CNA” пурпурат выказаў спадзяванне, што падарожжа Святога Айца дасць магчымасць палепшыць і без гэтага добрыя адносіны паміж Цэрквамі, а таксама паспрыяе дыялогу адносна тэалагічных пытанняў, у якіх існуюць рознагалоссі, у першую чаргу адносна першаснасці Біскупа Рыма.

У сённяшнім свеце хрысціяне становяцца асабліва блізкімі не толькі дзякуючы дыялогу, але і “экуменізму мучанікаў”, які, на думку кардынала Коха, можа стаць насеннем новага хрысціянскага адзінства. Ён нагадаў, што ўсе Праваслаўныя, Пратэстанскія, Каталіцкія Цэрквы на Блізкім Усходзе маюць сваіх мучанікаў сёння.

Большасць насельніцтва Турцыі вызнае іслам і дыялог з гэтай рэлігіяй, на думку ватыканскага кардынала, асабліва важны ў цяперашні час. Каб дапамагчы хрысціянам і іншым меншасцям, якія падвяргаюцца пераследу, мусульмане павінны правесці выразную рысу адрознення паміж сабой і экстрэмісцкімі групамі, лічыць ватыканскі іерарх. Вельмі важна, каб было сумеснае пасланне аб тым, што насілле – не сястра рэлігіі, сказаў пурпурат.








All the contents on this site are copyrighted ©.