Былы Дзяржаўны сакратар
Яго Святасці Папы, кардынал Тарчызіо Бэртонэ, плануе выдаць свае мемуары. Ён пачаў
пісаць іх год таму, калі сышоў у адстаўку. Чакаецца, што кніга стане хітом на выдавецкім
рынку ў наступным годзе. Па словах асоб, блізкіх да кардынала, ён піша свае ўспаміны
“спакойна і з дакладнасцю”. Іерарх мае да сваіх паслуг асабістыя штодзённікі, у якіх
дзень за днём запісваў сустрэчы і тэмы размоў з моманту, калі Бэнэдыкт XVI прызначыў
яго сваім бліжэйшым супрацоўнікам.
Кардынал Бэртонэ ўзначальваў Дзяржсакратарыят
у 2006-2013 гг. падчас пантыфікату Бэнэдыкта XVI і першых месяцаў пантыфікату Францішка.
Перад гэтым ён быў, між іншым, рэктарам Папскага салезіянскага ўніверсітэта, арцыбіскупам
Верчэлі, сакратаром Кангрэгацыі Веравучэння і арцыбіскупам Генуі. Цяпер ён з’яўляецца
камерленгам Касцёла. У снежні яму споўніцца 80 гадоў.
Трэба нагадаць, што ў
2008 г. кардынал Бэртонэ наведаў Беларусь з афіцыйным візітам.