2014-10-20 15:23:55

Арцыбіскуп Кандрусевіч у 25-годдзе сакры: заўсёды стараўся працаваць на карысць Касцёла


RealAudioMP3 20 кастрычніка 2014 г. арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначае 25-годдзе біскупскага служэння. У гэты дзень у 1989 г. у ватыканскай базыліцы св. Пятра ён атрымаў сакру з рук св. Яна Паўла ІІ. На сваім святарскім і біскупскім шляху іерарх нёс служэнне ў Літве і Расіі, але чвэрць стагоддзя біскупскіх пасвячэнняў ён адсвяткуе на Радзіме, у якасці Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага. Мы сустрэліся з юбілярам і паразмаўлялі аб тым, што было за гэтыя 25 гадоў і тым, што чакае ў будучыні.

Эксцэленцыя, 25 гадоў – гэта сур’ёзны ўрывак часу, калі можна і варта аглянуцца назад. Ваша біскупскае служэнне прыйшлося на вельмі бурны, цікавы і пераломны перыяд гісторыі. Скажыце, з якімі пачуццямі Вы сустракаеце юбілей – гэта настальгія, пераасэнсаванне, шкадаванне за нейкія памылкі ці, магчыма, аптымізм ад таго, што адбывалася ў Касцёле і што яго чакае наперадзе?

Дзякуй Богу і Яго Провіду за тое, што я не толькі быў сведкам гэтых усіх перамен, сведкам адраджэння Касцёла, але і ўдзельнікам многіх падзей. Кожны юбілей – гэта час падвядзення вынікаў. Напэўна, сёння я рабіў бы многія рэчы інакш, але не хачу апраўдвацца, бо перад маім прызначэннем не было біскупа ні ў Беларусі, ні ў Расіі. Я прыйшоў пасля трох пакаленняў пераследу і трэба было распачынаць. Хачу толькі сказаць, што я заўсёды стараўся працаваць на карысць Касцёла, каб ён адраджаўся, каб ён сапраўды быў сакрамэнтам паўсюднага збаўлення. Я працаваў для кожнага чалавека і далей прашу малітвы і Божага благаслаўлення.

Адкуль Вы чэрпалі сілы гэтыя 25 гадоў?

Перш за ўсё, малітва і Эўхарыстыя, асаблівы давер да Маці Божай, ружанец, які я амаль не выпускаю з рук. Таксама пачуццё адказнасці. Я стараўся заўсёды глядзець у перспектыве: калі чалавек ставіць перад сабой нейкую мэту, у яго знаходзіцца значна больш сіл для яе ажыццяўлення. І таксама дапамога тых, з кім я працаваў, іх малітва. Заўсёды памятаю словы цяпер ужо святога Яна Паўла ІІ, які пасля майго біскупскага пасвячэння тут у Ватыкане, у базыліцы св. Пятра, 20 кастрычніка 1989 г., узяў мяне за руку і сказаў: “Тадэвуш, не бойся!”.

Эксцэленцыя, ці Вы не заўважаеце нейкі сімвалізм у тым, што, пасля доўгага перыяду адсутнасці, Вы святкуеце свой юбілей у Беларусі?

Тут мая Радзіма, тут я нарадзіўся, тут мае блізкія! Гэта лагічна, мне здаецца! Нават, калі быў святаром у Літве і біскупам у Маскве, я вельмі часта прыяжджаў у Беларусь, мяне цягнула сюды, каб тут душэўна з кімсьці паразмаўляць, пасядзець за філіжанкай гарбаты, абмеркаваць праблемы. Часам я адчуваў сябе галінкай, адарванай ад дрэва. Як прыяжджаў сюды, было адчуванне, што цябе нібыта ізноў прышчапілі да яго. Беларусь – гэта дом для мяне, родная хата, родны кут!

Эксцэленцыя, я жадаю Вам “plurimos annos” і вялікіх душпастырскіх поспехаў як мінімум на наступныя 25 гадоў!

Дзякуй і, як кажуць, Вашыя словы ды ў Божыя вушы (смяецца).

Размаўляў кс. Аляксандр Амяльчэня







All the contents on this site are copyrighted ©.