Францішак звярнуўся да ўдзельнікаў Сінода з заключнай прамовай
На заканчэнне ІІІ
Надзвычайнай сесіі Сінода Біскупаў, 18 кастрычніка 2014 г., Святы Айцец звярнуўся
да ўдзельнікаў ватыканскай асамблеі з заключнай прамовай. У ёй Папа падзякаваў сінадальным
айцам за актыўны ўдзел у форуме і звярнуў увагу на некаторыя яго аспекты. У першую
чаргу Францішак падкрэсліў, што Сінод з’яўляецца “супольным шляхам” і як на кожным
чалавечым шляху, на ім даводзіцца сустракацца з некаторымі спакусамі. Першая з іх
– “варожае здранцвенне”: спакуса закрыцца ўнутры “напісанага” і не дазволіць Богу
здзіўляць сябе. З часоў Езуса, гэта спакуса, тых каго сёння называюць “трыдыцыяналістамі”,
лічыць Папа. Другую спакусу, ён назваў “дэструктыўным дабрадзействам”. Яна ўласціва
так званым “прагрэсістам і лібералам”, якія ў імя фальшывай міласэрнасці перавязваюць
раны, перш чым іх апрацаваць і палячыць – працуюць з сімптомамі, а не прычынамі і
вытокамі. Наступная спакуса – гэта жаданне “перамяніць камяні ў хлябы”, каб перарваць
доўгі, цяжкі і сумны пост, а таксама “перамяніць хлеб у камяні” і кідаць іх грэшнікам,
слабым і хворым, робячы “нязносным цяжарам”. Святы Айцец казаў таксама пра спакусу
сыходу з крыжа, з мэтай задавальнення натоўпу, замест таго, каб да канца споўніць
волю Айца. Папа нагадаў пра спакусу схаваць “скарб веры” – лічыць сябе яго ўладальнікамі
і гаспадарамі, а не распарадчыкамі.
Спакусы не павінна палохаць і ўводзіць
у роспач, таму што ніводзін вучань не з’яўляецца большым за настаўніка і сам Езус
быў вымушаны сустракацца з імі, сказаў Пантыфік. Папа прызнаўся, што быў бы засмучаны,
калі б на Сінодзе не было жывых і вострых дыскусій. “Але я бачыў і чуў – з радасцю
і ўдзячнасцю – прамовы і выступленні поўныя веры, пастырскага і дактрынальнага запалу,
мудрасці, шчырасці, адвагі і поўнай адкрытасці”, - сказаў ён. Сінод ніколі не ставіў
пад пытанне “фундаментальныя праўды сакрамэнту сужэнства: аб непарыўнасці, адзінстве,
вернасці, пракрэацыі, гэта значыць адкрытасці на жыццё”, падкрэсліў Пантыфік.
Сінод,
на яго думку, паказаў якім з’яўляецца Касцёл: ён “не баіцца закатаць рукавы і паліваць
алеем і віном раны людзей”; “не глядзіць на чалавецтва са шклянога замку, асуджаючы
і класіфікуючы асобы”; складаецца з грэшнікаў, патрабуючых Божай міласэрнасці; з’яўляецца
“сапраўднай нявестай Хрыста, якая намагаецца быць вернай свайму Жаніху і Яго навучанню”;
не баіцца есці і піць з рапсусніцамі і мытнікамі”; “мае адкрытыя дзверы, каб прымаць
патрабуючых, тых хто пакаяўся, а не толькі справядлівых, якія думаюць, што з’яўляюцца
дасканалымі”. “Касцёл не саромецца упаўшага брата і не робіць выгляд нібыта яго не
бачыць”, - сказаў Папа.
Паводле Святога Айца многія каментатары ўяўлялі сябе
Касцёл у спрэчках, у якім адна частка – супраць другой, забываючы, што яго вядзе Святы
Дух – сапраўдны гарант адзінства і гармоніі. Папа нагадаў пра абавязак пастыраў насычаць
давераны ім статак, шукаць і знаходзіць – па бацькоўску і з міласэрнасцю, без фальшывых
страхаў – згубленых авечак.
На заканчэнне прамовы Францішак адзначыў, што наперадзе
сінадальных айцоў чакае цэлы год разважання над прапанаванымі на Сінодзе ідэямі і
пошук канкрэтных рашэнняў шматлікіх цяжкасцяў і выклікаў, якія стаяць перад сем’ямі.