2014-10-18 13:50:16

Сінод Біскупаў падыходзіць да завяршэння


RealAudioMP3 Удзельнікі ІІІ Надзвычайнай сесіі Сінода Біскупаў шляхам галасавання зацвердзілі тэкст паслання асамблеі да Божага народа, паведаміў кс. Фэдэрыка Ламбардзі, кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы. Вечарам 17 кастрычніка 2014 г. чарнавы варыянт дакумента прадставіў сінадальным айцам кардынал Джанфранка Равазі, старшыня Папскай рады па культуры. Затым ўдзельнікі Сінода выступілі з пажаданнямі адносна ўдакладненняў, тлумачэнняў і дапаўненняў. Раніцай 18 кастрычніка, пазнаёміўшыся з канчатковым варыянтам тэксту паслання, сінадальныя айца зацвердзілі яго абсалютнай большасцю галасоў. Такім чынам, па словах кс. Ламбардзі, праца над адным з галоўных дакументаў ІІІ Надзвычайнай сесіі Сінода Біскупаў завяршылася.

У першай палове дня, 18 кастрычніка ўдзельнікі асамблеі пазнаёміліся таксама з чарнавым варыянтам справаздачы Сінода, так званым “Relatio Sinodi” – тэкстам, які стане падрыхтоўчым дакументам Звычайнай сесіі Сінода Біскупаў, што пройдзе ў кастрычніку 2015 г. Галасаванне па гэтым дакуменце адбудзецца ў другой палове дня 18 кастрычніка. Гэта будзе апошняя падзея ў рамках працы ІІІ Надзвычайнай сесіі Сінода Біскупаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.