2014-10-18 12:38:37

Арцыбіскуп Кандрусевіч: гэта не быў Сінод падзелаў


RealAudioMP3 У Ватыкане падыходзіць да завяршэння ІІІ Наздвычайная сесія Сіноду Біскупаў на тэму сужэнства і сям’і. Іерарахі з усіх частак свету на працягу двух тыдняў размаўлялі пра самыя вострыя праблемы, якія стаяць перад Касцёлам у кантэксце сямейнага душпастырства. Епіскапат Беларусі на асамблеі прадстаўляў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Мы сустрэліся з іерархам і паразмаўлялі аб выніках Сіноду і падрыхтоўцы да наступнай яго асамблеі.

Эксцэленцыя, мы знаходзімся напярэдадні заканчэння Сінода Біскупаў. Якой была сёлетняя асамблея?

Гэта быў вельмі няпросты Сінод. Трэба адзначыць тое, што сям’я сёння знаходзіцца ў крызісе. І гэта сігналізуе нам аб тым, што свет вельмі моцна хварэе. Сінод быў няпросты і таму, што ўздымаліся складаныя пытанні, якія адносяцца да сітуацыі сучасных сем’яў, выхавання дзяцей, адносін да разведзеных, якія жывуць у новых несакрамэнтальных саюзах. Сёння секулярызаваны свет бамбардуе нас ідэяй гомасексуальных саюзаў. Таму вельмі добра, што Святы Айцец Францішак заклікаў кожнага гаварыць свабодна аб тым, што ён думае. І гэта дапамагло выявіць “балячкі” сучаснай сям’і, каб потым спрабаваць знайсці нейкае лякарства. Хоць сапраўднае лякарства біскупы будуць шукаць яшчэ праз год, тут быў дадзены добры старт. І сёння ўжо заўважальныя тэндынцыі да вырашэння праблем.

Абсалютная большасць сінадальных айцоў стаіць за традыцыйным навучаннем Касцёла. Напэўна, мы таксама кажам, што трэба ахапіць духоўнай апекай тыя сем’і і тых людзей, якія знаходзяцца ў цяжкай сітуацыі. Ад іх не можна адвярнуцца, да іх трэба падыходзіць з ідэяй Божай міласэрнасці, каб дапамагчы ім сустрэць Бога. Гэта было галоўнай ідэяй Сіноду.

Напрыклад, калі вядома, што разведзеныя, што знаходзяцца ў паўторным саюзе не могуць прыняць св. Камуніі, Сінод ужо сёння рэкамендуе больш карыстацца духоўнай камуніяй. Яшчэ адна вельмі важная справа: мы ведаем, што ёсць касцёльныя суды (якія займаюцца так званымі сужэнскімі працэсамі, або працэсамі па сцвярджэнні несапраўднасці сужэнства). Трэба сказаць, што бюракратыі тут шмат. У Беларусі таксама не хапае такога роду спецыялістаў. Яны ёсць, але ім складана працаваць эфектыўна. Таксама можа быць так, што адзін з сужонкаў заінтэрэсаваны ў правядзенні такога працэсу, а іншы, не. А часта менавіта ў такой сітуацыі бачна, што гэта сужэнства з самага пачатку было несапраўдным. Але не можна фармальна выканаць усю працэдуру. І тут шмат хто з сінадальных айцоў нагадваў пра неабходнасць спрашчэння гэтай працэдуры. І Святы Айцец ужо пайшоў насустрач і стварыў спецыяльную камісію, якая вывучае праблему. І гэта канкрэтныя душпастырскія вынікі Сіноду.

Многія каментатары нараклі гэту асамблею сінодам падзелаў, сінодам супрацьстаяння паміж лібераламі і кансерватарамі, прагрэсіўнымі і традыцыяналістамі. Мы зараз знаходзімся напярэдадні закрыцця форуму. Вы сапраўды бачылі яго такім, ці ўсё ж такі было інакш?

Я б гэтага не пацвердзіў. Напэўна, былі гарачыя спрэчкі, але гэта адбывалася з любоўю адзін да аднаго. Былі розныя меркаванні, аднак я б не сказаў, што гэта быў Сінод падзелаў. Напэўна, гэта была вельмі “гарачая” асамблея, на ёй шмат дыскутавалі. Але дыскусіі адбываліся не для саміх дыскусій, там было жаданне слухаць. Сама метадалогія гэтага Сіноду палягала на тым, каб спачатку слухаць, а потым толькі дзейнічаць і прымаць рашэнні. Я б не пагадзіўся з тым, што гэты Сінод быў сустрэчай нейкіх падзелаў.

Ужо перад пачаткам было бачна, што гэта будзе няпросты форум. Але ў гэтым віна або заслуга прэсы. Бо яны “накручвалі” усю гэту справу. А тое, што адбывалася адкрытая дыскусія – гэта вельмі добра. Так і павінна быць.

Вы праз некалькі дзён вяртаецеся ў Беларусь, да сваіх вернікаў. З якімі пачуццямі Вы гэта зробіце? Якім чынам Вы будзеце прадстаўляць інфармацыю, атрыманую тут? Чым вы будзеце займацца ў кантэксце Сінода ўвесь год да наступнай асамблеі?

Гэта не будзе перыяд, калі мы сядзем склаўшы рукі і будзем чакаць, што нехта недзе будзе казаць пра Сінод. Мы таксама павінны сказаць нешта сваё. Аб гэтым таксама казалася на асамблеі, што заключны дакумент сіноду павінен абмяркоўвацца ў епіскапатах, са святарамі і кансэкраванымі асобамі, вернікамі. Каб мы маглі пачуць ад іх, ад мясцовага Касцёла, думкі пра ўсе гэтыя прапановы.

Эксцэленцыя, дзякуй вялікі за размову. Жадаю, каб гэты год стаў часам творчага пошуку душпастырскіх рашэння адносна сямі і сужэнства, якія можна будзе прадставіць на звычайнай сесіі Сінода Біскупаў.

Дзякуй Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё за тое, што яна так шырока гаварыла пра працу Сінода. Дзякуй таксама нашым радыёслухачам, якія маліліся і моляцца ў інтэнцыі асамблеі, а гэта значыць, у інтэнцыі сям’і, бо ад таго, якой яна будзе, залежыць будучыня грамадства.

Размаўляў кс. Аляксандр Амяльчэня







All the contents on this site are copyrighted ©.