2014-10-17 15:20:35

Францішак скіраваў пасланне кіраўніку ФАО


RealAudioMP3 У пасланні да генеральнага дырэктара Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ФАО) Жазэ Грацыяну да Сілвы, скіраваным з нагоды Сусветнага дня харчавання, папа Францішак нагадаў пра адзін з самых драматычных парадоксаў нашага часу: многім людзям не хапае штодзённай ежы, між тым велізарная колькасць прадуктаў харчавання марнуецца, выкідаецца на сметнік, трапляе ў рукі спекулянтаў. Нягледзячы на прагрэс у барацьбе з голадам, становішча у многіх краінах застаецца трывожным. Каментуючы статыстычныя дадзеныя па голадзе, Пантыфік падкрэсліў, што за гэтымі лічбамі стаяць жывыя людзі, якія маюць чалавечую годнасць.

Святы Айцец нагадаў пра важнае значэнне сямейных фермерскіх гаспадарак, абароне якіх прысвечаны сёлетні Сусветны дзень харчавання. Сем’і, якія пражываюць у сельскай мясцовасці – перакананы Пантыфік, – здольныя задавальняць попыт на прадукты харчавання, не наносячы шкоды навакольнаму асяродзю. Але яны патрабуюць падтрымкі – неабходна ўлічваць не толькі тэхнічныя патрэбы жыхароў сельскіх рэгіёнаў, але таксама чалавечыя, духоўныя і сацыяльныя; вучыцца ад іх працоўным здольнасцям, любові, салідарнасці і шчодрасці, якія існуюць у іх сямейных асяродзях і могуць стаць прыкладам для грамадскага жыцця . Пантыфік заклікаў забяспечыць доступ сем’яў з сельскіх рэгіёнаў да тэхналогій, а таксама удзел у прыняцці рашэнняў, якія закранаюць іх жыццё.

Святы Айцец падкрэсліў тэрміновую важнасць перамены адносін да чалавечай працы, эканамічных мэтаў і дзейнасці, харчовай вытворчасці і абароны навакольнага асяродзя. “Гэта, магчыма адзіная магчымасць для будавання сапраўднай будучыні супакою, якой сёння пагражае харчовая небяспека”, напісаў папа Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.