2014-10-15 11:52:43

Святы Пасад у ААН: міжнародная законнасць павінна быць справядлівай


RealAudioMP3 Святы Пасад яшчэ раз нагадаў, што асноўным абавязкам кожнай дзяржавы з’яўляецца абарона сваіх грамадзян ад парушэнняў правоў чалавека і наступстваў гуманітарных крызісаў. Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса выступіў падчас дэбатаў у ААН на тэму законнасці. Ватыканскі дыпламат нагадаў, што вяршэнства закона патрабуе не толькі прававых інстытутаў, але і “не можа быць дасягнута без грамадскага даверу, салідарнасці, грамадзянскай адказнасці, эфектыўнага кіравання і маральнага выхавання”. У стварэнні такога грамадства істотную ролю адыгрывае сям’я і рэлігійныя супольнасці. Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Нью-Ёрку падкрэсліў неабходнасць павышэння намаганняў дзяржаў па рэалізацыі ўсеагульнай павагі і абароны правоў чалавека і асноўных свабод для ўсіх. Калі міжнародная законнасць павінна быць сапраўды справядлівай, дзяржавы абавязаны забяспечыць гэта бесстаронне да ўсіх, падкрэсліў іерарх.

Арцыбіскуп Ауса выказаў надзею Святога Пасаду, што беспрэцэдэнтная эскалацыя міжнароднага тэрарызму стане магчымасцю разгледзець пытанне ўмацавання дзейнасці ў рамках агульнай адказнасці па абароне людзей ад любога роду несправядлівай агрэсіі.

Ён удакладніў, што мае на ўвазе ў прыватнасці рэлігійныя і этнічныя меншасці на Блізкім Усходзе і ў іншых рэгіёнах. Святы Пасад лічыць, што калі краіны самі не ў стане гарантаваць бяспеку для гэтых груп грамадзян, у сітуацыю павінна ўмяшацца міжнародная супольнасць з выкарыстаннем сродкаў абароны, прадугледжаных Статутам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і іншымі дакументамі. Такога роду дзейнасць міжнародных арганізацый не можна лічыць неабгрунтаванай або абмяжоўваючай суверэнітэт, сказаў ватыканскі дыпламат.







All the contents on this site are copyrighted ©.